2014-03-15 10:51:15

Папа пасля рэкалекцый: гэты плён будзе ўзрастаць


RealAudioMP3 Пасля пяцідзённых велікапостных рэкалекцый папа Францішак вярнуўся 14 сакавіка 2014 г. у Ватыкан. У сваім кароткім заключным слове да супрацоўнікаў Рымскай курыі, якія бралі ўдзел у духоўных практыкаваннях, ён апісаў час, праведзены ў рэкалекцыйным цэнтры Арыча, як вялікі здабытак, калі Бог сеяў добрае насенне свайго слова ў душах удзельнікаў. “Пан пашле дождж, і гэтае насенне будзе расці. Яно будзе ўзрастаць і прыносіць плён”, - сказаў ён. Францішак нагадаў, што кожны патрабуе навяртання, бо “усе мы грэшнікі, але ўсе мы жадаем ісці за Езусам”. Пантыфік выказаў асаблівую падзяку кс. Анджэла Дэ Данацісу, які праводзіў штодзённыя малітоўныя сустрэчы і дзяліўся сваімі разважаннямі. Апошні этап духоўных практыкаванняў “ватыканскі” рэкалекцыяніст прысвяціў постаці Пятра. Ён адзначыў, што адрачэнне апостала ў ноч перад мукай Езуса мела тры “узроўні” – адмаўленне ад Бога, Касцёла і самаго сябе. Але Езус нават у такой бездані дорыць прабачэнне, без ніякіх умоў. На думку прапаведніка, сапраўдны вопыт веры нараджаецца тады, калі вернік перастае ўспрымаць Касцёл у якасці “супермаркету маральных каштоўнасцяў” і пачынае набываць асабісты досвед міласэрнасці.

Сёлетнія “ватыканскія” велікапостныя рэкалекцыі адмыслова вёў парафіяльны святар, а не адзін з іерархаў, як гэта было ў мінулым. Упершыню таксама яны праходзілі не ў Ватыкане і нават не ў Рыме, а ў невялікім мястэчку Арыча, у 30 км ад італьянскай сталіцы. Каб дабрацца туды, Папа не выкарыстоўваў верталёту, як гэта адбываецца звычайна, ён адправіўся на духоўныя практыкаванні на аўтобусе, разам з іншымі ўдзельнікамі, іерархамі і святарамі з Рымскай курыі.







All the contents on this site are copyrighted ©.