2014-03-15 12:38:17

Барталамей I: католікі і праваслаўныя сёння бліжэй да сябе, чым гэта было на працягу ўсяго другога тысячагоддзя


RealAudioMP3 Дзякуючы “дыялогу любові” і “дыялогу ісціны”, Праваслаўныя Цэрквы і Рыма-каталіцкі Касцёл як “Цэрквы-сёстры” сёння бліжэй да сябе, чым гэта было на працягу ўсяго другога тысячагоддзя, падкрэсліў Патрыярх Канстынтынопальскі ў інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву “Zenit”. У апошнія дзесяцігоддзі былі зроблены важныя крокі да паяднання. “Тым не менш, мы ўсё яшчэ далёкія ад адзінства, якім адзначалася першае тысячагоддзе жыцця Касцёла”, - заявіў Барталамей І.

Самае галоўнае, на думку Прадстаяцеля, ніколі не забывацца аб жаданні Езуса: “каб усе былі адно”. Падзел Касцёла, гэта сапраўдны скандал для Хрыстовага цела, бо сёння больш чым калі-небудзь раней патрэбна агульнае сведчанне хрысціян перад абліччам сучасных выклікаў. Патрыярх прызнаўся, што шчыра моліцца, каб сустрэча паміж ім і Папам у Іерусаліме ўмацавала ўзаемасувязь паміж Рыма-Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой.

Барталамей I падкрэсліў сваю заклапочанасць лёсам хрысціян на Блізкім Усходзе. Ён адзначыў: “Нашы Цэрквы павінны прапаведаваць мір там, дзе ідзе вайна, яны павінны абвяшчаць любоў там, дзе ёсць нянавісць, і талерантнасць там, дзе існуе дыскрымінацыя”. Гэтыя прынцыпы, паводле іерарха, маюць фундаментальнае значэнне для сітуацыі хрысціян у блізкаўсходнім рэгіёне. Ён выказаў глыбокую занепакоенасць ростам палітычнай нестабільнасці і насілля ў Палестыне, Егіпце, Іраку, і асабліва ў Сірыі. Барталамей І “глыбока расчараваны” абыякавасцю і неапраўданай бяздзейнасцю палітычных уладаў гэтых краін, якія не змаглі абараніць хрысціян і ў цэлым сваіх грамадзян.







All the contents on this site are copyrighted ©.