2014-03-14 10:22:04

Патрыярх Маскоўскі павіншаваў Пантыфіка


RealAudioMP3 Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл павіншаваў папу Францішка з першай гадавінай служэння на Пасадзе св. Пятра. Яна адзначалася 13 сакавіка 2014 г. Як заўважыў Прадстаяцель Рускай Праваслаўнай Царквы, клопат і ўвага Пантыфіка да пакутуючых і абяздоленых нагадвае людзям “пра доўг братэрскай любові, пра неабходнасць добрымі справамі аказваць салідарнасць у адносінах ды тых, хто жыве ў нястачы”. “Першы год Вашага пантыфікату быў адзначаны вялікімі надзеямі і важнымі ініцыятывамі ў Рыма-Каталіцкім Касцёле. Імкненне Вашай Святасці зрабіць прысутнасць евангельскіх ідэалаў у жыцці сучаснага грамадства больш выразнай ужо прыносіць свае добрыя плёны”, - гаворыцца ў віншаванні Патрыярха.

Іерарх звярнуўся таксама да тэмы “двухбаковых адносін паміж Рускай Праваслаўнай Царквой і Каталіцкім Касцёлам. Ён з задавальненнем адзначыў “высокую ступень узаемаразумення і імкненне з абодвух бакоў да ўмацавання праваслаўна-каталіцкага супрацоўніцтва ў імя сцвярджэння хрысціянскіх духоўна-маральных каштоўнасцяў у сучасным свеце, абароны прыгнечаных і служэння бліжнім”.

Патрыярх Кірыл пажадаў папе Францішку “душэўных і цялесных сіл”, спакою, радасці і Божай дапамогі ў высокім служэнні.







All the contents on this site are copyrighted ©.