2014-03-13 11:33:55

Ватыканскія рэкалекцыі: міласэрнасць Хрыста супрацьстаіць адчужэнню з боку рэлігіі


RealAudioMP3 У першую гадавіну пачатку свайго пантыфікату папа Францішак прабывае на велікапостных рэкалекцыях. Яны праходзяць недалёка ад Рыма, у невялікім мястэчку Арыча. Кс. Анджэла Дэ Данаціс, які вядзе духоўныя практыкаванні для Пантыфіка і супрацоўнікаў Рымскай курыі, звярнуў увагу на феномен “мовы гэтага свету” – мовы сілы і ўлады, які можа стаць сапраўднай “пасткай” для хрысціяніна, пакліканага глядзець на ўсё праз любоў і міласэрнасць. У чацвёрты дзень рэкалекцый, 12 сакавіка 2014 г., святар яшчэ раз звярнуўся да фрагменту Евангелля паводле св. Марка аб вызваленні маладога чалавека ад легіёну дэманаў. Ён заўважыў, што гэты юнак у выніку стаў першым місіянерам, бо пачаў распавядаць на вуліцах аб тым, што Езус зрабіў для яго.

Рэкалекцыяніст прааналізаваў таксама наступны крок Хрыста ў Евангеллі паводле св. Марка, аздараўленне жанчыны, якая хварэла на крывацёк. Тут, паводле яго, паказальнай з’яўляецца пастава асобы, якая ў безнадзейнасці, выкліканай адносінамі да яе хваробы юдэйскай рэлігіі, атрымлівае выратаванне выключна дзякуючы сваёй веры ў Езуса. Так часта адбываецца і сёння, - адзначыў кс. Дэ Данаціс - калі грэх уваходзіць у чалавека, а рэлігія абмяжоўвае яму шлях да збаўлення. Тады міласэрнасць Хрыста супрацьстаіць адчужэнню з боку рэлігіі. Вера, дадаў ён, заключаецца ў кантакце з жывым Хрыстом.

Сёння, адзначыў святар, мы будуем велізарныя канструкцыі, каб дабрацца да Хрыста, але нічога не робім, каб сустрэць Яго. Магчыма, таму, што занадта паддаёмся мысленню гэтага свету. Такім чынам, мы нічога не робім, каб збавіцца, усё на сябе павінен узяць Бог. За гэта Яму трэба дзякаваць, звярнуў увагу кс. Дэ Данаціс і нагадаў, што шлях да збаўлення заўсёды пралягае праз наследаванне Хрыста.







All the contents on this site are copyrighted ©.