2014-03-12 14:49:05

Прапаведнік Папскага дома: мы можам бачыць далей з дапамогай Айцоў Касцёла


RealAudioMP3 Прапаведнік Папскага дома, італьянскі капуцын Раньера Канталамеса лічыць, што сёння асабліва актуальна звярнуцца да духоўнай спадчыны Айцоў Касцёла – св. Аўгустына, св. Амброзія, св. Льва Вялікага і св. Грыгорыя Вялікага – сапраўдных “гігантаў”, як іх называлі ў сярэдневеччы. Менавіта гэта параўнанне дало назву цыклу велікапостных казанняў, з якімі ён пазнаёміць Папу і супрацоўнікаў Рымскай курыі ў бліжэйшы час – “На плячах у гігантаў”. Менавіта “з плячэй” Айцоў Касцёла, на думку святара, мы можам бачыць далёка – нават далей за іх саміх.

У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё айцец Канталамеса нагадаў, што ў 2012 г. ён ужо прамаўляў велікапостныя казанні на тэму навучання Айцоў Касцёла, але тады гаворка ішла пра грэцкіх святых. Сёлета ў цэнтры ўвагі будуць лацінскія.

З дапамогай навучання св. Аўгустына прапаведнік распавядзе пра актуальныя праблемы Касцёла і экуменічныя адносіны. Праз спадчыну св. Амброзія – пра Эўхарыстыю і асобу Хрыста. Гэта, на думку святара, дапаможа ясней убачыць вобраз Пана, які на працягу апошніх гадоў часта скажаецца тэлебачаннем, кіно і літаратурай. Св. Грыгорый Вялікі дапаможа ўбачыць у Бібліі пасланне любові, напісанае Стварыцелем свайму стварэнню.

На думку прапаведніка Папскага дома, найбольш актуальным сёння з’яўляецца навучанне св. Аўгустына – недарэмна на паліцах амаль усіх сучасных кнігарняў можна знайсці яго кнігі. Айцец Канталамеса з іроніяй падкрэсліў, што св. Аўгустын пазбавіў сваіх нашчадкаў магчымасці быць арыгінальнымі, таму што сам сказаў амаль усё.

Серыю сваіх велікапостных казанняў капуцын пачне 14 сакавіка 2014 г., у Ватыкане. Папа Францішак не будзе прысутнічаць на першым з іх, паколькі прымае ўдзел у рэкалекцыях па-за Ватыканам.








All the contents on this site are copyrighted ©.