2014-03-12 11:26:25

Агучана ўступная праграма пілігрымкі Папы ў Карэю


RealAudioMP3 Стала вядома папярэдняя праграма падарожжа Папы ў Паўднёвую Карэю. Францішак наведае гэту азіяцкую краіну 14-18 жніўня 2014 г. Там ён прыме ўдзел ва ўрачыстасцях Дзён азіяцкай моладзі і ўзначаліць беатыфікацыю групы карэйскіх мучанікаў. Старшыня мясцовай Канферэнцыі Біскупаў, біскуп Петэр Канг Ю-іль абвясціў, што выбар падзеленай на дзве часткі Карэі ў якасці першай азіяцкай краіны, якую наведае Папа, з’яўляецца “відавочным выразам яго імкнення да міру”. Францішак “жадае маліцца з маладымі азіятамі, каб яны сталі апосталамі прымірэння ва ўсім свеце”, адзначыў іерарх. Пантыфік прыбудзе ў Сеул у чацвер, 14 жніўня. У аэрапорце яго прывітае Прэзідэнт краіны Пак Кын Хе, пасля чаго яна прыме госця ў прэзідэнцкім палацы. На наступны дзень Папа сустрэнецца з маладымі католікамі Азіі ў марыйным санктуарыі ў Сальмэ, пасля чаго адправіць св. Імшу на стадыёне ў Тэджон, пабудаваным на Чэмпіянат свету па футболе ў 2002 г.

У суботу 16 жніўня пройдзе беатыфікацыя Паўла Юн Джы-Чунга і 123 яго паплечнікаў, мучанікаў XVIII і XIX ст. Месца ўрачыстасці пакуль не вызначана: гэта можа быць лётнае поле або плошча Кванхвамун у Сеуле. У другой палове дня Францішак наведае “Раён кветак” у Ымсон, адну з самых вядомых дабрачынных каталіцкіх ініцыятыў у Карэі – дом для інвалідаў і бяздомных.

Пакуль няма праграмы на нядзелю 17 жніўня, але вядома, што 18 жніўня, перад вылетам у Рым, Францішак узначаліць урачыстую св. Імшу падзякі ў сеульскай катэдры ў інтэнцыі ўсяго Карэйскага паўвостраву. Чакаецца, што ён скіруе пасланне міру Паўночнай Карэі і будзе маліцца за паяднанне карэйскага народа.







All the contents on this site are copyrighted ©.