2014-03-08 12:02:52

Францішак: кіраваць касцёльнай маёмасцю з празрыстацю і ўвагай да ўсіх відаў беднасці


RealAudioMP3 Папа Францішак адзначыў, што хрысціянская супольнасць не можа заставацца абыякавай перад абліччам эканомікі маргіналізацыі і няроўнасці, у якой больш моцны паглынае слабога, перад абліччам духоўнай і маральнай слабасці сучасных людзей, асабліва моладзі, а таксама няўпэўненасці, у якой жыве значная частка насельніцтва планеты. З такімі словамі Святы Айцец звярнуўся да ўдзельнікаў сімпозіўма на тэму кіравання маёмасцю Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця ў святле служэння чалавецтву і місіі Касцёла. Форум праходзіць у Рыме 8-9 сакавіка 2014 г. На думку Францішка, Інстытуты кансэкраванага жыцця і Таварыствы апостальскага жыцця могуць і павінны сведчыць аб тым, што прынцып бескарыслівасці і логіка дару адпавядаюць таксама і эканамічнай дзейнасці. Харызмат кожнай з супольнасцяў, упісаны ў логіку “быцця дарам”, і аб ёй трэба сведчыць ва ўсіх сферах, у тым ліку ў спосабах кіравання дабротамі касцёльных інстытутаў, перакананы Святы Айцец.

Папа заклікаў кіраваць маёмасцю касцёльных супольнасцяў з увагай і празрыстасцю, клапаціцца пра яе дагледжанасць і захаванасць, спалучаючы пры гэтым харызматычна-духоўнае вымярэнне з вымярэннем эканомікі і эфектыўнасці, пазбягаючы пустых растратаў і разумна выкарыстоўваючы рэсурсы.

Святы Айцец падкрэсліў важнасць сведчання сціпласці, пошуку справядлівасці і радасці самаму важнаму, для перамогі над матэрыяльных ідаламі, якія хаваюць ад людзей сапраўдны сэнс жыцця. Паводле Папы, ёсць патрэба не ў “тэарытычнай беднасці”, але ў тым, каб па-сапраўднаму дакранацца да цела Хрыста ў бедных, хворых і дзецях. Ён заклікаў членаў Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця быць для Касцёла і свету фарпостамі увагі да бедных і да ўсіх відаў беднасці – матэрыяльнай, маральнай і духоўнай, а таксама сведкамі перамогі над эгаізмам логікай Евангелля, якое вучыць давяраць Божаму провіду.








All the contents on this site are copyrighted ©.