2014-03-07 10:30:59

Прадстаўнік Святога Пасаду адказаў на абвінавачванні ў бок Папы


RealAudioMP3 Чаму Святы Пасад не стварыў да гэтага часу камісіі па абароне дзяцей, патлумачыў кс. Фэдэрыка Ламбардзі ў апублікаваным 6 сакавіка 2014 г. электронным лісце да журналісткі “Associated Press” Ніколь Уінфілд. Яна абвінаваціла папу Францішка, што ў сваім нядаўнім інтэрв’ю „Corriere della Sera” ён, нібыта, прыняў абарончую пазіцыю адносна злоўжыванняў у Касцёле. Трэба нагадаць, што некаторы час таму Апостальская Сталіца абвясціла аб намеры стварыць такую камісію.

У інтэрв’ю „Corriere della Sera” сексуальныя злоўжыванні адносна непаўналетніх Пантыфік назваў “вельмі глыбокімі ранамі”, але адзначыў, што Касцёл шмат зрабіў, каб вырашыць гэта пытанне, магчыма, больш за ўсіх, але, нягледзячы на гэта, і больш за ўсіх падвергся нападкам. Статыстычныя дадзеныя паказваюць, што пераважная большасць такіх злоўжыванняў адбываецца ў асяроддзі сям’і і блізкіх.

Адказваючы на абвінавачванні журналісткі, кс. Ламбардзі адзначыў, што ўсе адказы на пытанні ў інтэрв’ю былі вельмі кароткімі, таму не было магчымасці поўна выказацца па дадзенай праблематыцы. Ён лічыць, што больш правільным будзе прыняць да ўвагі тое, што было сказана, а не тое, што не прагучала.

Кіраўнік Залы Друку лічыць відавочным, што “Фрэнцішак шануе і цэніць” тое, што ў барацьбе з сексуальнымі злоўжываннямі адносна непаўналетніх зрабіў Бэнэдыкт XVI і “жадае гэта працягваць”. Прыняцце мер адносна вінаватых, прызнанне віны духавенства, суправаджэнне ахвяр, абнаўленне прававых стандартаў, маніторынг і прафілактыка – гэта “дарога, адкрытая Бэнэдыктам XVI, адзначыў кс. Ламбардзі.

Калі размова ідзе пра будучую камісію, яна павінна быць “наступным крокам” у бок абароны дзяцей у Касцёле, але і ў грамадстве, у якім – як сказаў Папа ў сваім кароткім адказе – праблемы, звязаныя з гэтай абаронай, вялікія. Стварэнне камісіі было абвешчана ў снежні 2013 г., і гэта застаецца актуальным, хоць яшчэ знаходзіцца на стадыі фарміравання. Гэта звязана з тым, што інстытуты Святога Пасаду чакаюць “новай сістэмы ўзаемазалежнасці і кампетэнцый”. Стварэнне камісіі ў гэтай сітуацыі з цалкам новымі абавязкамі патрабуе часу, напісаў святар у сваім электронным лісце.

Ён перакананы, што прашэсце часу, гэта не падстава сумнявацца, што камісія будзе створана. Ужо склаліся кантакты з высокакваліфікаванымі спецыялістамі і былі скіраваны прапановы аб супрацоўніцтве. Чакаецца, што камісія зможа прапанаваць Папу ініцыятывы, здольныя даць рэальны імпульс Касцёлу ў актыўнай абароне непаўналетніх.

Кс. Ламбардзі пракаментаваў таксама сцвярджэнне журналісткі аб абароннай пазіцыі Францішка адносна злоўжыванняў. Гэта трэба разумець як “прызнанне таго факту, што так шмат людзей у Касцёле, на шчасце, прынялі ўдзел у выпраўленні памылак і недахопаў мінулага”. Часта, аднак, гэта не было “аб’ектыўна прызнана”, што нараджае “расчараванне і роспач на гэтым цяжкім шляху”, сказаў святар. У той жа час ясна, што Касцёл чакае яшчэ велізарная праца ў адносінах да мінулага, сучаснасці і яшчэ больш будучыні. Папа добра аб гэтым ведае, падкрэсліў кс. Ламбардзі.

Трэба нагадаць, што 31 студзеня 2014 г., падчас сустрэчы з удзельнікамі пленарнай асамблеі Кангрэгацыі Веравучэння, Францішак прызнаўся, што разглядае магчымасць уключэння камісіі па абароне дзяцей у структуры гэтай дыкастэрыі, якая на працягу 13 гадоў займаецца вядзеннем кананічных працэсаў адносна асоб з духавенства, абвінавачаных у сексуальных злоўжываннях.







All the contents on this site are copyrighted ©.