2014-03-07 13:07:03

Пантыфік: малітва – фундаментальны фактар на шляху да адзінства


RealAudioMP3 Папа сустрэўся 7 сакавіка 2014 г. у Ватыкане з дэлегацыяй Сусветнай рады Цэркваў. Ён назваў спатканне “чарговым важным этапам у даўніх і плённых адносінах” паміж Каталіцкім Касцёлам і экуменічнай асацыяцыяй і падзякаваў за працу “у падтрымку хрысціянскага адзінства”. Паводле Пантыфіка, Сусветная рада ўнесла вялікі ўклад у прыняцце з боку ўсіх хрысціян факту, што іх раз’яднанасць уяўляе сабой сур’ёзную перашкоду для абвяшчэння Евангелля ў свеце. Не можна ўспрымаць гэтыя падзелы як нешта нармальнае, як “неад’емную частку гістарычнага досведу Касцёла”, падкрэсліў Францішак. “Калі хрысціяне ігнаруюць заклік да адзінства, які прыходзіць да іх ад Пана, яны рызыкуюць ігнараваць самаго Пана і Яго збаўленне, якое Ён прапануе праз сваё Цела – Касцёл”, - сказаў Святы Айцец.

Адносіны паміж Каталіцкім Касцёлам і Сусветнай Радай Цэркваў, якія развіваюцца з часоў ІІ Ватыканскага Сабору, “прывялі да шчырага экуменічнага супрацоўніцтва і ўсё большага “абмену дарамі” паміж рознымі супольнасцямі шляхам пераадолення ўзаемнага неразумення”, адзначыў Папа, але дадаў, што шлях да поўнага і бачнага адзінства па-ранейшаму застаецца цяжкім і патрабавальным. Не трэба спыняцца на дасягнутым, падкрэсліў Святы Айцец, не варта дазволіць сабе спачыць на задаволенасці прагрэсам апошніх дзесяцігоддзяў.

Малітва, на думку Францішка, з’яўляецца фундаментальным фактарам у гэтым падарожжы. Толькі дух пакорнай і няспыннай малітвы дапаможа мець неабходную матывацыю служыць чалавечай сям’і ў яе патрэбах, як духоўных, так і матэрыяльных. Пантыфік прызнаўся, што будзе маліцца, каб падчас сустрэчы экуменічнай дэлегацыі з Папскай радай спрыяння хрысціянскаму адзінству быў знойдзены “найбольш эфектыўны спосаб разам рушыць наперад на гэтым шляху”. Францішак пажадаў, каб Бог падтрымліваў усіх, хто мае справу хрысціянскага адзінства ў сэрцы і папрасіў маліцца за яго, каб быў “паслухмянай прыладай волі Пана і слугой адзінства”.







All the contents on this site are copyrighted ©.