2014-03-06 12:11:10

Францішак: святар – чалавек міласэрнасці і спачування


RealAudioMP3 6 лютага 2014 г. у ватыканскай Зале Паўла VI папа Францішак сустрэўся з пробашчамі Рымскай дыяцэзіі, якім прапанаваў свае разважанні пра міласэрнасць, рысу, патрэбную асабліва святару. Францішак адзначыў важнасць разумення святаром гэтай рэчаіснасці Божай міласэрнасці. “Гэта наша заданне, як слугаў Касцёла, падтрымліваць жывым гэта пасланне, перш за ўсё, прапаведваннем і жэстамі, знакамі, душпастырскім падыходам, напрыклад, надаючы прыярытэтнае значэнне сакрамэнту пакаяння і адначасова ўчынкам міласэрнасці”, - сказаў Папа. Святар, на думку Пантыфіка, павінен быць чалавекам міласэрнасці і спачування, сапраўдным уцелаўленнем вобразу Езуса Добрага Пастыра, асабліва блізкага да грэшнікаў, хворых, пакінутых. Францішак падкрэсліў, што святары даюць сведчанне аб міласэрнасці ў першую чаргу праз сакрамэнт споведзі – сваім захаваннем адносна верніка, здольнасцю слухаць яго і даваць параду. Тут важна таксама, каб сам святар жыў гэтым сакрамэнтам.

Паводле Святога Айца, Касцёлу патрэбныя святары, якія не баяцца сутыкнуцца з праблемамі і рэаліямі сучаснага чалавека, бо Касцёл – гэта сёння “палявы шпіталь”, у якім трэба залечваць раны. “Ёсць шмат параненых матэрыяльнымі праблемамі, скандаламі, у тым ліку і ў Касцёле, людзей, параненых ілюзіямі гэтага свету”, - адзначыў Папа. Святары павінны быць сярод іх. “Міласэрнасць азначае, перш за ўсё, лячэнне ранаў”, - дадаў ён.

Францішак звярнуў увагу на тое, што ўдзяляючы сакрамэнт споведзі, святары павінны пазбягаць крайнасцяў: не быць празмерна халоднымі і строгімі або, наадварот, занадта мягкімі, памяншаючымі значэнне граху. Залішнія строгасць і мягкаць, паводле Папы, не спрыяюць святасці ні святара, ні верніка. Гэтага можа дасягнуць толькі праз добра разуметую міласэрнасць, уважлівае слуханне, паважлівы і праўдзівы падыход да сітуацыі чалавека і суправаджэнне яго на шляху прымірэння.

Святы Айцец заклікаў святароў браць на сябе пакуты вернікаў, “плакаць разам з імі”, як бацькі плачуць разам са сваімі дзецьмі, маліцца і заступацца за іх перад Богам, як рабіў Майсей. Ён нагадаў пра прыклад добрага самараніна, які не саромеўся наблізіцца да параненага, адкрыў сэрца і перамяніў свае эмоцыі ў канкрэтную дапамогу. “Напрыканцы часоў праслаўленае цела Езуса будзе дазволена сузіраць тым, хто не саромеўся цела свайго параненага і адкінутага брата”, - адзначыў папа Францішак.

Напрыканцы сваёй прамовы Папа прызнаўся, што заўсёды носіць з сабой крыжык, які нагадвае яму пра аднаго аргентынскага святара, што часта спавядаў святароў і стаў для яго сапраўдным прыкладам міласэрнасці. Святы Айцец запрасіў шукаць такія прыклады міласэрнасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.