2014-03-06 10:45:41

Кардынал-прэфект пра стаўленне да тэалогіі вызвалення


RealAudioMP3 “Ідэя, што вучэнне Касцёла можа быць аддзелена ад душпастырскай практыкі Касцёла, распаўсюдзілася ў некаторых колах. Гэта не ёсць, і ніколі не была, каталіцкая вера”, - з такой моцнай заявай выступіў кардынал Герхард Людвіг Мюлер у інтэрв’ю амерыканскаму парталу “National Catholic Register”. Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння адказаў на многія пытанні, звязаныя з дактрынай Касцёла. Сярод іншага размова ішла пра статус разведзеных асоб, якія ўступілі ў новыя саюзы, і тэалогію вызвалення.

Кардынал Мюлер выказаўся на тэму фармуліроўкі, якую часта выкарыстоўваюць у апошні час СМІ, “змены ў навучанні Касцёла”. Калі праз гэта разумеецца непрыняцце або адмова ад таго, што было раней, гэта памылка. “Трэба казаць пра развіццё вучэння Касцёла. Касцёл не прыдумаў сам таго, чаму вучыць. Вучэнне Касцёла караніцца ў асобе Хрыста, у таямніцы самааб’яўлення Бога”, - нагадаў кіраўнік ватыканскай дыкастэрыі.

У гэтым кантэксце адной з тэм з’яўляецца праблема касцёльнага статусу разведзеных асоб, якія ўступілі ў новыя саюзы. Кардынал адзначыў, што сакрамэнтальнае сужэнства непарыўнае, і людзі, чыё жыццё супярэчыць гэтай непарыўнасці, не могуць прыступаць да св. Камуніі, але душпастары і парафіяльныя супольнасці павінны аказаць ім любоў і клопат. Іерарх папярэдзіў, аднак, што гэта праблема не можа быць зведзена толькі да пытання аб прыняцці св. Камуніі.

Прэфекта запыталі таксама аб яго станоўчым стаўленні да некаторых аспектаў тэалогіі вызвалення. “Калі яна зводзіцца да чыста свецкай палітычнай ідэалогіі, гэта дэфармуе яе і падрывае яе характар ​​як тэалогіі. Па гэтай прычыне, некаторыя аспекты тэалогіі вызвалення былі справядліва паддадзены крытыцы Кангрэгацыяй Веравучэння ў 1984 г. у інструкцыі “Libertatis Nuntius”. Катэгорыі тэалогіі вызвалення, па сутнасці, тэалагічныя і хрысціянскія. Хоць свецкі тэрмін “вызваленне” мае шмат розных адценняў, у хрысціянскага тэолага ён не можа быць пазбаўлены біблійных каранёў”, - падкрэсліў кардынал і дадаў, што Касцёл будзе зацікаўлены ў тэалогіі вызвалення настолькі, наколькі яна будзе датычыць вызвалення, прынесенага чалавеку Хрыстом, што св. Павел называе “свабодай дзяцей Божых”.







All the contents on this site are copyrighted ©.