2014-03-05 10:58:35

Францішак падвёў вынікі першага года свайго пантыфікату


RealAudioMP3 Праз год пасля пачатку свайго пантыфікату папа Францішак распавёў у інтэрв’ю італьянскай “Corriere della sera” аб характэрных рысах свайго навучання, жыцці Касцёла ў апошнія месяцы, сваіх рашэннях у дачыненні да Рымскай курыя і адносінах са сваім папярэднікам Бэнэдыктам XVI. Гутарка з галоўным рэдактарам газеты Феручыа дэ Бартолі праходзіла ў Доме св. Марты, дзе пражывае Пантыфік. Яна закранае менш вядомыя аспекты першага года пантыфікату Францішка. “Мне падабаецца быць з людзьмі”, - прызнаўся Пантыфік і дадаў, што яму не прыемна, калі яго асобу “інтэрпрэтуюць ідэалагічна”, успрымаючы “як свайго роду супермэна”. Гэта нават абражае яго. Папа з’яўляецца “нармальным чалавекам”, праз сваю працу і адказнасць пры прыняцці рашэнняў. У інтэрв’ю закранаюцца складаныя для Касцёла тэмы. Сексуальныя злоўжыванні адносна непаўналетніх Пантыфік назваў “вельмі глыбокімі ранамі”, і Касцёл шмат зрабіў, каб вырашыць гэта пытанне, магчыма, больш за ўсіх, але, нягледзячы на гэта, і больш за ўсіх падвергся нападкам.

Любое рашэнне адносна разведзеных, якія жывуць у новых саюзах, будзе вынікам глыбокіх разважанняў, падкрэсліў Святы Айцец. “Мы павінны разгядзець і ацаніць розныя выпадкі у іх разнастайнасці”, - сказаў ён.

Роля жанчын, паводле Папы, павінна быць больш заўважальнай у Касцёле, які “з’яўляецца жаночым ад сваіх вытокаў”. Ён лічыць, што трэба прымяняць “марыйны прынцып” у разважаннях аб сутнасці Касцёла, у тым ліку і тэалагічных.

Пантыфіка запыталі і аб так званым кантролі за нараджальнасцю. Вучэнне Касцёла ў гэтай праблематыцы, падкрэсліў ён, не мяняецца. Магчыма, трэба паглядзець глыбей, але не ставячы пад сумніў і не падрываючы каштоўнасцяў, якія не падлягаюць абмеркаванню, патлумачыў Папа і дадаў: “каштоўнасці – гэта каштоўнасці і тут няма чаго абмяркоўваць”.

У інтэрв’ю не абмінулі і экуменічных і міжнародных пытанняў. Існуюць адносіны з Кітаем, паведаміў Святы Айцец, спаслаўшыся на абмен лістамі, які адбыўся паміж ім і Прэзідэнтам КНР Сі Цзіньпінам. “Гэта вялікі народ, якому я жадаю дабра”, - сказаў Францішак.

Шлях адзінства з праваслаўем – гэта, перш за ўсё, “ісці разам і працаваць разам”, - лічыць Пантыфік. Ён спадзяецца, што гэтаму паспрыяе яго падарожжа ў Святую Зямлю і сустрэча з патрыярхам Барталамеем І. Францішак адзначыў багацце праваслаўнага багаслоўя.

“Папа на пенсіі – гэта не манумент у музеі”, - сказаў Паныфік, калі яго запыталі аб адносінах з Бэнэдыктам XVI. Ён лічыць, што жэст яго папярэдніка, магчыма, стане прэцэдэнтам у будучыні. “Ён стрыманы, сціплы, не жадае турбаваць”, - ахарактэрызаваў Папу на пенсіі Францішак і падкрэсліў, што яго мудрасць з’яўляецца дарам Бога для Касцёла.








All the contents on this site are copyrighted ©.