2014-03-05 12:42:49

Католікі Беларусі падчас Вялікага посту будуць маліцца таксама за мір ва Украіне


RealAudioMP3 Каталіцкі Касцёл у Беларусі 5 сакавіка 2014 г. распачаў Вялікі пост. Свой адлік ён бярэ традыцыйна з Папяльцовай серады, калі ва ўсіх касцёлах праходзіць абрад пасыпання галоваў вернікаў попелам – як сімвал пакаяння і навяртання. Касцёл заклікае ў гэты вельмі важны перыяд засяродзіць сваю ўвагу на духоўным жыцці, духоўных справах і навяртанні да Бога, адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, у інтэрвью Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

“Каталіцкі Касцёл падчас Вялікага посту прапануе вернікам выйсці ў пустыню і паглядзець у духоўнае люстэрка, каб убачыць, якімі мы з’яўляемся, зрабіць рахунак сумлення і знайсці адпаведны лек. Бо, каб вылечыць хваробу, трэба паставіць дыягназ. Адным з галоўных заданняў з’яўляецца ўдзел у рэкалекцыях, Крыжовым шляху, пакутных набажэнствах, каб усё гэта прывяло да добрай споведзі, да пазнання сваёй духоўнай хваробы. А потым святар падкажа лек, каб выйсці з сітуацыі граху”, - сказаў іерарх.

Малітва – галоўны стоўп 45-дзённага перыяду падрыхтоўкі да Пасхі, які засяроджаны на ўспаміне аб апошніх днях, крыжовых пакутах і ўваскрасенні Хрыста. А яшчэ добрыя ўчынкі і міласэрнасць, якой надае вялікую ўвагу папа Францішак. Гэта дапаможа с чыстым сэрцам сустрэць галоўнае хрысціянскае свята, лічыць арцыбіскуп Кандрусевіч. Нягледзячы на тое, што спакусаў, асабліва падчас Вялікага посту, шмат, кожны дзень і на кожным кроку, трэба вучыцца быць сапраўдным хрысціянінам.

“Вучыцца жыць у супольнасці, паважаць іншага чалавека, бачыць у людзях сваіх братоў і сясцёр. А таксама можа абмяжоўваць свае нядобрыя пачуцці, каб паказаць, што я таксама ўмею прабачыць, што хачу будаваць разам хрысціянскую супольнасць, дзе галоўнае – узаемадапамога адзін аднаму, любоў і пашана адзін да аднаго”, - сказаў арцыбіскуп.

Таксама Каталіцкі Касцёл Беларусі падчас Вялікага посту працягне малітву за мір ва Украіне. Па прапанове Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў краіны раней ўжо прайшоў адзіны дзень посту і малітвы за спакой у суседзяў, але сітуацыя там яшчэ застаецца напруджанай. У мінулую нядзелю ў Магілёве пасля св. Імшы арцыбіскуп Кандрусевіч зноў жа звярнуў увагу вернікаў на значнасць малітоўнай дапамогі ў інтэнцыі Украіны.

“Мы славянскія народы, мы звязаны паміж сабой, мы суседзі. Нас звязвае нават адзіная магутная рака Днепр, у водах якой мы прынялі хрост. Мы павінны таксама імкнуцца да гэтай хрысціянскай еднасці, узаемаразумення. Малітвы заУкраіну будуць працягвацца і падчас Вялікага посту. Гэта вельмі добрая нагода звярнуць увагу на праблему, бо нельга яе вырашэння пакінуць толькі палітыкам і эканамістам, але трэба звяртацца і да Бога. Езус Хрыстус сказаў: “Без мяне нічога не ўчыніце”. І калі ўсе гэтыя намаганні з розных бакоў будуць памножаны на малітву, прыйдзе добры вынік”, - перакананы іерарх.

Трэба адзначыць, што перыяд Вялікага посту ў гэтым годзе асаблівы: ён амаль супадае з Вялікім постам у праваслаўных вернікаў – у 2014 г. заходнія і ўсходнія хрысціяне адзначаць Пасху ў адзін дзень – 20 красавіка. І хоць у XXI стагоддзі гэта не рэдкасць, супадзенне дат – саўсёды памнажае радасць вялікага свята, асабліва ў Беларусі, адзначыў Мітрапаліт Кандрусевіч. “Вельмі шмат у нас змешаных сужэнстваў, калі пад адным дахам жывуць католікі і праваслаўныя. І калі мы святкуем разам Пасху – гэта яшчэ адно такое вялікае агульнахрысціянскае сведчанне нашай веры”, - сказаў ён.

А пакуль наперадзе – больш за 40 дзён асаблівай падрыхтоўкі да свята, якія трэба прысвяціць разважанням аб сваім жыцці і адносінах да бліжняга і Бога.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.