2014-03-04 12:44:55

Украінскі каталіцкі іерарх востра раскрытыкаваў ваенна-палітычнае ўмяшанне Расіі ў Крыме


RealAudioMP3 Каталіцкі Касцёл ва Украіне выступіў з вострай крытыкай ваенна-палітычнага ўмяшання Расіі ў Крыме. Біскуп Адэска-Сімферопальскі Браніслаў Бярнацкі – у склад яго дыяцэзіі ўваходзіць Крым – звярнуўся з заклікам да “усіх народаў свету” дапамагчы вярнуцца ў плоскасць “дыялогу і міру”, паведаміла італьянскае каталіцкае агенцтва”SIR” 5 сакавіка 2014 г. “Як католікі, мы прагнем міру і дыялогу. Мы прызнаем, што кожная нацыя мае права самастойна вырашаць сваю будучыню. Мы прызнаем, што любыя палітычныя змены павінна быць здзейснены без якога-небудзь замежнага ўмяшання. Мы бачым, што гэта фундаментальнае правіла міжнароднай супольнасці парушана”, - падкрэсліў біскуп Бярнацкі ў сваім звароце. “Мы звяртаемся да ўсіх народаў свету, працаваць разам з Украінай над тым, каб былі дасягнуты мір і паразуменне паміж рознымі бакамі ў канфлікце”, - дадаў ён.

Каталіцкі Касцёл у Крыме, нягледзячы на складаную сітуацыю, спрабуе весці нармальнае жыццё, паведаміла інфармацыйнае агенцтва польскага епіскапату. Нядзеля ў каталіцкіх парафіях прайшла спакойна. Адзначаецца, што набажэнствы збіраюць больш вернікаў, чым звычайна, многія прыступаюць да споведзі. Святары заклікаюць вернікаў да малітвы і посту за мір ва Украіне.







All the contents on this site are copyrighted ©.