2014-03-04 14:11:06

У Камісіі кардыналаў па наглядзе за Ватыканскім банкам з’явіўся старшыня


RealAudioMP3 Члены Камісіі кардыналаў па наглядзе за Інстытутам рэлігійных спраў (Ватыканскім банкам) прызначылі кардынала Сантаса Абрыль-і-Кастэльё сваім старшынёй. Згодна са статутам Інстытута, члены Камісіі кардыналаў прызначаюцца Святым Айцом на тэрмін пяці гадоў. Яна павінна склікацца кардыналам-старшынёй па меншай меры два разы на год для разгляду справаздачы аб буйных бізнес-працэсах і агульнай стратэгіі банку. Акрамя таго, Камісія кантралюе выкананне Інстытутам статутных нормаў і прызначае членаў назіральнай рады.

Святы Айцец абнавіў у сярэдзіне студзеня 2014 г. склад Камісіі. На дадзены момант яе членамі, разам з новапрызначаным старшынёй, з’яўляюцца: аўстрыйскі кардынал Крыстаф Шонборн, арцыбіскуп Вены; канадскі кардынал Томас Крыстафер Колінз, арцыбіскуп Таронта; французскі кардынал Жан-Луі Таран, старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, і італьянец, кардынал Пьетра Паралін, Дзяржсакратар Яго Святасці Папы.







All the contents on this site are copyrighted ©.