2014-03-04 11:03:02

Ватыканскі кардынал: права на жыццё ад зачацця да натуральнай смерці – перадумова для ўсіх правоў


RealAudioMP3 Кожны чалавек павінен мець магчымасць свабодна жыць у адпаведнасці са сваім глыбокім разуменнем ісціны, нагадаў кардынал Пітэр Тарксан, старшыня Папскай рады “Iustitia et Pax”, на канферэнцыі па правах чалавека ў Браціславе, якая праходзіць у гэтыя дні па ініцыятыве славацкага епіскапату. У сваім выступеленні ватыканскі іерарх пацвердзіў, што “свабода рэлігіі неаддзельная ад свабоды думкі і сумлення”. Ён адзначыў, што сёння “хрысціяне з’яўляюцца рэлігійная групай, якая пакутуе ад пераследу па прычыне сваёй веры ў многіх краінах”. Гэта сітуацыя з’яўляецца “сур’ёзным парушэннем правоў чалавека”. Кардынал заклікаў кіраўніцтва краін абараняць правы сваіх грамадзян, незалежна ад іх рэлігіі.

Іерарх звярнуў увагу на два канкрэтныя выклікі, якія стаяць сёння перад рэлігіяй: секулярызм, які хоча “абмежаваць рэлігію да чыста прыватнай справы”, і фундаменталізм, што з’яўляецца сапраўднай “падробкай рэлігіі”, бо выступае супраць “паяднання і Божага міру”. Таму кардынал заклікаў да эфектыўнай “рэлігійнай адукацыі”, якая б дазволіла чалавеку зразумець “станоўчы ўклад, які можа ўнесці сапраўдная вера”.

Падчас сваёй шырокай прамовы старшыня Папскай рады нагадаў, што асновай правоў чалавека з’яўляецца “годнасць, уласцівая кожнай асобе”. Менавіта таму яны з’яўляюцца “універсальнымі, неадчужальнымі і непарушнымі”. Кардынал перасцярог ад “рэлятывізму”, які “звужае” значэнне правоў чалавека, сцвярджаючы, што іх сэнс і іх універсальнасць могуць змяняцца ў залежнасці ад разнастайнасці культур, палітыкі і грамадства.

Іерарх выказаў заклапочанасць поглядамі тых ідэалогій, якія спрабуюць перапісаць правы чалавека ці ствараць новыя. Тут ён прывёў так званыя “рэпрадуктыўныя правы”, якія хаваюць трагедыю аборту і эўтаназіі, нават для непаўналетніх; гендэрную ідэалогію; аднаполыя саюзы.

Кардынал Тарксан нагадаў аб намаганнях Каталіцкага Касцёла, каб правы чалавека сталі рэальнасцю. Менавіта права на жыццё ад зачацця да натуральнай смерці, з’яўляецца першым з усіх правоў чалавека і перадумовай для ўсіх астатніх, нагадаў ватыканскі іерарх.







All the contents on this site are copyrighted ©.