2014-03-03 12:58:21

Папа адкрыў для наведвальнікаў сады сваёй рэзідэнцыі


RealAudioMP3 З 1 сакавіка 2014 г. пілігрымы і турысты змогуць перакрочыць парог папскай рэзідэнцыі ў Кастэль-Гандольфа, каб наведаць мясцовыя сады, якія да гэтага часу былі закрыты для шырокай публікі. Такое рашэнне прыняў сам Святы Айцец Францішак. У 2013 г. ён адмовіўся праводзіць летні адпачынак у Кастэль-Гандольфа, як часта рабілі яго папярэднікі. Гэта рэзідэнцыя належыць Рымскім Пантыфікам з XVII ст. і ахоплівае тэрыторыю амаль у 55 гектараў. Першым з аб’ектаў, адкрытых для наведвальнікаў, стаў сад Барберыні, на тэрыторыі якога знаходзяцца ўнікальныя кветкавыя алеі, дрэвы і кустарнікі, плошчы, скульптуры і археалагічныя аб’екты эпохі імператара Даміцыяна, а таксама тэрасы, з якіх адкрываецца цудоўная панарама на рэгіён Лацыё, аж да блакітнай лініі марскога гарызонту. Для многіх Пантыфікаў, гэта было месца адпачынку і малітвы. Дырэктар Ватыканскіх музеяў Антоніа Паолучы назваў адкрыццё папскіх садоў у Кастэль-Гандольфа для публікі “цудоўным падарункам папы Францішка” з нагоды пачатку вясны 2014 года.

Наведванне саду Барберыні магчыма толькі ў суправаджэнні экскурсавода. Прадугледжана абавязковая папярэдняя рэгістрацыя наведвальнікаў праз інтэрнэт. Працягласць візіту складае 90 хвілін, а кошт білета – 26 еўра. Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць на сайце Ватыканскіх музеяў www.museivaticani.va








All the contents on this site are copyrighted ©.