Святы Пасад заклікае аказаць духоўную і матэрыяльную дапамогу хрысціянам Святой Зямлі
Кангрэгацыя па справах
Усходніх Касцёлаў заклікае ўсе каталіцкія супольнасці ў свеце на працягу Вялікага
посту выказаць асаблівую духоўную і матэрыяльную блізкасць да хрысціян, якія пражываюць
у Святой Зямлі і на Блізкім Усходзе. Пра гэта гаворыцца ў спецыяльным паведамленні
ватыканскай дыкастэрыі, разасланым усім дыяцэзіяльным біскупам. У дакуменце нагадваецца
пра ўвагу Пантыфіка да праблем вернікаў у Сірыі, Іраку, Егіпце і іншых частках Святой
Зямлі. Сёлетні збор ахвяраванняў “павінен быць больш шчодра падтрыманы душпастырамі
і вернікамі ўсёй каталіцкай супольнасці”, гаворыцца ў паведамленні. Адзначаецца, што
біскупы будуць паінфармаваны аб праектах, рэалізаваных на працягу 2013 г. Кангрэгацыяй
па справах Усходніх Касцёлаў і францішканскай кустодыяй Святой Зямлі ў душпастырскай,
адукацыйнай, медыцынскай і сацыяльнай сферах. Сярод іх важнае месца займае рэстаўрацыя
базылікі Божага Нараджэння ў Бэтлееме, магчымая дзякуючы ў тым ліку ўкладу іншых хрысціянскіх
канфесій і розных краін свету.
У пасланні Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў
падкрэсліваецца, што прыярытэтным з’яўляецца клопат пра “жывыя камяні”, якімі з’яўляюцца
вернікі. Таму сабраныя сродкі пойдуць на падтрымку каталіцкіх навучальных устаноў,
дапамогу бежанцам і ўсім, хто “стукае ў дзверы” хрысціянскіх супольнасцяў, а таксама
святарам, законнікам і законніцам, свецкім вернікам, які падвяргаюцца штодзённым выпрабаванням.