2014-03-01 13:44:39

Сакратар Рады кардыналаў: Бэнэдыкт XVI – “новы Майсей”


RealAudioMP3 “Новым Майсеем” назваў Бэнэдыкта XVI біскуп Марчэла Сэмерара, сакратар Рады кардыналаў для дапамогі Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам. Папа на пенсіі, на думку італьянскага іерарха, паказаў, што Касцёлу можна служыць не толькі выконваючы кіраўнічыя функцыі, але і праз малітву. Ён нагадаў пра каштоўнасць і годнасць старасці і звярнуў увагу на “сэрца хрысціянства”, якім з’яўляецца асабістая сустрэча з Хрыстом, што выклікае сапраўдную радасць. Біскуп Альбана даў інтэрв’ю італьянскай “Avvenire” у першую гадавіну заканчэння пантыфікату Бэнэдыкта XVI. Іерарх быў сведкам многіх гістарычных момантаў, звязаных з ім, паколькі на тэрыторыі яго дыяцэзіі знаходзіцца летняя рэзідэнцыя Пантыфікаў у Кастэль Гандольфа. Менавіта там адбылася апошняя публічная сустрэча Бэнэдыкта XVI з вернікамі. Біскуп Сэмерара, узгадваючы той дзень, прызнаўся, што Пантыфік перажываў яго ў пакоры, са спакоем.

Матывацыю жэсту Бэнэдыкта XVI, адысці па прычыне недахопу фізічных сіл для кіравання Касцёлам, іерарх лічыць знакавай для заходняга свету, дзе штучна хаваецца натуральнае знясіленне чалавека.

Многія па-сапраўднаму зразумелі Бэнэдыкта XVI толькі пасля яго зыходу. Гэта лёс айца, быць зразуметым тады, калі да канца выканае сваю місію, лічыць біскуп Сэмерара. Гэта, на яго думку, добра ўпісваецца ў дынаміку развіцця Касцёла ў яго духоўным і душпастырскім вымярэннях.

Іерарх лічыць, што трэба дзякаваць Бэнэдыкту XVI за тое, што кіраваў Касцёлам служачы праўдзе, і рабіў гэта з вялікай лагоднасцю і пакорай сэрца. Менавіта такім апісвае Біблія Майсея, пяшчотным і сціплым. Але менавіта гэты чалавек павёў за сабой людзей у вырашальны момант гісторыі, але потым, яшчэ пры жыцці, перадаў кіраванне народам іншаму.







All the contents on this site are copyrighted ©.