2014-03-01 11:06:39

Бэнэдыкт XVI ніколі не пашкадаваў аб сваім рашэнні пакінуць Пасад св. Пятра


RealAudioMP3 Бэнэдыкт XVI ніколі не пашкадаваў, што прыняў тытул Пантыфіка на пенсіі, таму што лічыць яго найбольш адпавядаючым рэчаіснасці, адзначыў арцыбіскуп Георг Генсвайн, асабісты сакратар Бэнэдыкта XVI. У інтэрв’ю італьянскаму выданню “Avvenire”, з нагоды першай гадавіны заканчэння пантыфікату Бэнэдыкта XVI, іерарх расказаў, што Папа на пенсіі ніколі не пашкадаваў аб сваім рашэнні пакінуць Пасад св. Пятра і таму “жыве ў поўным спакоі з сабой і з Богам”. Вечарам 28 лютага 2013 г. Бэнэдыкт XVI пакінуў Ватыкан і накіраваўся ў Кастэль-Гандольфа. Тут, з балкона Апостальскага палацу, ён апошні раз звярнуўся да вернікаў, назваўшы сябе “пілігрымам, які пачынае сваю апошнюю пілігрымку на гэтай зямлі”. Папа паабяцаў, што будзе “працягваць працаваць з усіх сваіх сіл для дабра Касцёла і чалавецтва”. Каля 20.00 яго апартаменты ў Ватыкане былі апячатаны і пачаўся перыяд “sede vacante”, які закончыўся 13 сакавіка абраннем на пасад Біскупа Рыма аргентынскага кардынала Хорхэ Марыа Берголіа – папы Францішка.

Арцыбіскуп Генсвайн нагадаў, што абодва Пантыфікі часта сустракаюцца і вядуць дыялог. Папа на пенсіі з вялікай увагай назірае за тым, што адбываецца ў Касцёле, але не ўмешваецца – не прымае актыўнага ўдзелу ў кіраванні Касцёлам і так, на яго думку, будзе і ў будучыні.

Іерарх падкрэсліў, што на дадзены момант Бэнэдыкт XVI не займаецца напісаннем ніякіх новых кніг біяграфічнага ці тэалагічнага характару. Аднак працягваецца праца над выданнем поўнага збору яго твораў.

Паводле слоў арцыбіскупа Генсвайна, Папа на пенсіі з увагай сочыць за палітычнымі падзеямі, а ў вольны час глядзіць фільмы: пра святых, дакументальныя, пра прыгоды дона Каміла і “камісара Рэкса”.








All the contents on this site are copyrighted ©.