2014-02-28 15:11:04

Гэта была прыгожая гульня! У Беларусі завяршыўся VIII Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод святароў


RealAudioMP3 У Беларусі 28 лютага 2014 г. завяршыўся VIII Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод святароў. Раніцай удзельнікі і госці сабраліся на св. Імшу, а напярэдадні вечарам ў Лідзе адбылася ўрачыстая цырымонія закрыцця спаборніцтва. Кульмінацыяй стала ўзнагароджанне пераможцаў: чэмпіёнам Еўропы стала каманда Польшчы! Яе спартсмены адразу ж падзяліліся сваімі ўражаннямі, у якіх, што цікава, гонар за залатую ўзнагароду адышоў на другі план, прызнаўся польскі святар Кшыштаф Басін. “Нам вельмі спадабалася ў Беларусі. Трэба адзначыць вельмі добрую арганізацыю спаборніцства, добрыя людзі і добрая атмасфера панавала тут. Вельмі прыгожае месца і прыгожыя спартыўныя комплексы. Такая сардэчнасць, шчырасць, усмешкі – мы запомнім гэта надоўга. Рады, што маглі пазнаць гісторыю Беларусі – такіх гарадоў як Нясвіж, Мір, Ліда. Мы прывязём добрыя ўражанні з Беларусі, вядома, і спартыўны вынік, які для нас важны, але не найважнейшы”, - сказаў святар-футбаліст.

Больш за 170 святароў з 13 краін. Геаграфія спаборніцтва – ад Атантычнага акіяну да Чорнага і Каспійскага мораў – у Беларусь прыехалі каманды з Партугаліі, Аўстрыі, Польшы, Харватыі, Румыніі, Славакіі, Украіны, Венгрыі, Чарнагорыі і Казахстана. У двух спартыўных комплексах Ліды ўсе былі роўныя – і вікарый, і пробашч, і нават біскуп. Удзельнікі венгерскай каманды жартавалі – у нас на варотах стаіць біскуп, таму не прапусцім ніводнага мяча. Жарты жартамі, але Венгрыя па выніках – на 9 месцы, і такі расклад не засмуціў таго самага біскупа Ласла Кіш-Рыга. “Я не біскуп, які стаў футбалістам, а футбаліст, які стаў біскупам. Гэта мой любімы від спорта, гэта маё хобі. Я проста атрымаў вялікае задавальненне ад удзелу ў гэтым Чэмпіянаце”, - сказаў іерарх.

У беларускай сборнай па міні-футболе, у якую ўвайшлі святары з чатырох дыяцэзій, былі свае намеры на Чэмпіянаце. У еўрапейскую футбольную хвалю яны ўліліся некалькі гадоў таму, і калі першы раз гулялі, нават у паўфінал не ўвыйшлі, але год ад году падымаліся ў турнірнай табліцы. А дома, напэўна, і сцены павінны былі дапамагаць. Так і сталася – беларусы прарваліся ў паўфінал і спыніліся ў адным кроку ад п’едэстала, заняўшы 4 месца. І калі ў зале гаспадары турніру па-сапраўднаму спаборнічалі, то за межамі пляцоўкі гасцям аказалі самы цёплы прыём. Арганізатарамі Чэмпіянату выступілі Каталіцкі Касцёл Беларусі сумесна з Міністэрствам спорта і турызма.

Тут сышліся агульныя інтарэсы – годна прадставіць краіну, з яе гісторыяй і магчымасцямі, а таксама моц мясцовага Касцёла, які змог арганізаваць спаборніцтва міжнарожнага ўзроўню і праз спорт паказаць прыгажосць рэлігійнага жыцця, адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, які таксама быў удзельнікам беларускай каманды на гэтым Чемпіянаце. “Каталіцкі Касцёл звяртае ўвагу на розныя галіны жыцця чалавека – культуру, мастацтва, навуку, а таксама і спорт. Калі пачытаем апостала Паўла, то ён не аднойчы кажа пра спорт. Ён нагадвае аб тым, што жыццё чалавека падобна да забега на стадыёне. Праз спорт мы сёння павінны прыйсці ў тыя месцы, дзе няма Бога. Стадыёны сёння сталі новымі святынямі, але ці прысутнічае там Бог? Ці добра сябе паводзяць заўзятары? Таму гэта яшчэ адзін спосаб новай евангелізацыі. І таксама спосаб паказаць, што сапраўды ў здаровым целе – здаровы дух”, - адзначыў іерарх.

І шматлікія ўдзельнікі Чэмпіянату гэта даказалі на справе, бо вытрымаць некалькі гульняў, трэба быць у добрай спартыўнай форме. Сіл дадавалі і здаровае спаборніцтва, і настрой, і падтрымка заўзятараў, якіх на трыбунах было шмат. І не толькі з Ліды, ці вобласці, а з усёй краіны. Для спартыўных аматараў Чэмпіянат стаў сапраўдна цікавай падзеяй, тым больш што праводзіўся ў Беларусі ўпершыню. А для святароў – яшчэ адной, нештодзённай і нязвыклай, формай зносін з вернікамі, патлумачыў капітан беларускай сборнай ксёндз Павел Салабуда. “Увогуле ў свеце вельмі шмат розных чэмпіянатаў сярод святароў па розных відах спорту. І гэта – не навіна, а для Беларусі пакуль гэта так. Мы звыкліся, што святар ці ў касцёле, ці недзе побач. А такія падзеі – гэта форма жывых зносін з людзьмі. Тыя, хто дапамагаў нам у арганізацыі, таксама адкрылі для сябе нешта і прызналіся, што не маглі ўявіць, што такімі пазітыўнымі могуць быць святары”, - прызнаўся ён.

Дарэчы, пра правядзенне ў Беларусі Чэмпіянату даведаўся Святы Айцец Францішак. “Папа ўспрымае з вялікай радасцю гэтую падзею сярод прэзбітэраў розных краін, якія аб’яднаны перш за ўсё ласкай веры і служэннем Касцёлу, а ў гэтыя дні і спартыўнымі мэтамі. Дадзенае мерапрыемства падкрэслівае каштоўнасць цела, створанага Богам, і здаровае спаборніцтва як намаганне для дасягнення пэўнай мэты з самаадданнем і ахвярнасцю. Гэта з’яўляецца цудоўнай магчымасцю, каб паказваць радасць жыцця, якая вылучае хрысціян, а значыць таксама святароў”, - адзначыў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, зачытаўшы пасланне Пантыфіка на цырымоніі закрыцця.

Трэба дадаць, што ўпершыню Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод святароў прайшоў у Аўстрыі ў 2005 г. па ініцыятыве Каталіцкага Касцёла, потым святары – аматары гэтага віда спорту, аб’ядналіся ў розных краінах і стварылі аргкамітэт. Турнір прымалі Польшча, Венгрыя. Цяпер у гэтым спісе і Беларусь. VIII Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод святароў стаў гісторыяй, але шматлікія ўдзельнікі выказалі пажаданне вярнуцца сюда яшчэ раз.

Ларыса Абрамчук, Мінск.








All the contents on this site are copyrighted ©.