2014-02-27 12:02:09

Францішак: быць хрысціянамі, чые паводзіны адпавядаюць веры


RealAudioMP3 Быць людзьмі, якія думаюць, чуюць і дзейнічаюць як хрысціяне, каб не спакушаць іншых. Аб гэтай ласцы заклікаў прасіць Бога папа Францішак раніцай 27 лютага 2014 г. Падчас Эўхарыстыі ў капліцы Дома св. Марты Пантыфік, між іншым, удзяліў сакрамэнт канфірмацыі. “Хто прымае гэты сакрамэнт, дэманструе сваё жаданне быць хрысціянінам. Быць хрысціянінам азначае даваць сведчанне аб Езусе Хрысце”, - сказаў ён. Паводле Папы, чалавек можа казаць, што з’яўляецца вернікам, але калі яго паводзіны не адпавядаюць хрысціянскаму жыццю, ён такім не з’яўляецца. Паводле Святога Айца, гэта неадпаведнасць з’яўляецца прычынай “скандалу” – спакушэння для многіх. Яна прыносіць шмат зла і нават забівае. Папа нагадаў словы Езуса: “Хто спакусіць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, таму лепш было б, каб павесілі яму на шыю млынавы камень і кінулі яго ў мора”(Мк 9, 42).

Францішак адзначыў, што менавіта з-за неадпаведнасці паводзінаў вернікаў з хрысціянскай верай многія не давяраюць Касцёлу, сцвярджаючы: “Я веру ў Бога, але не ў Касцёл, таму што вы, хрысціяне, кажаце адно, а робіце іншае”. “Уяві сабе, што знаходзішся перад атэістам, які кажа, што не верыць у Бога. Ты можаш яму прачытаць цэлую бібліятэку, у якой гаворыцца, што Бог існуе і нават даказаць гэта, а ён не паверыць. Але калі перад гэтым атэістам дасі сведчанне адпаведнасці хрысціянскаму жыццю, нешта пачне працаваць у яго сэрцы. Менавіта тваё сведчанне будзе тым, што прынясе ў яго сэрца гэту няўрымслівасць, на якой працуе Святы Дух”, - сказаў Папа і заклікаў імкнуцца, каб наша жыццё адпавядала таму, у што мы верым і аб чым навучаем.

Паводле Святога Айца, каб весці жыццё па-сапраўднаму хрысціянскае трэба шмат маліцца, а калі памылімся – заўсёды прасіць прабачэння ў Бога.








All the contents on this site are copyrighted ©.