2014-02-27 11:12:02

Папа наведае рымскія парафіі, прыме ўдзел у рэкалекцыях і правядзе Крыжовы шлях у Калізеі


RealAudioMP3 На працягу бліжэйшых двух месяцаў папа Францішак наведае дзве рымскія парафіі, прыме ўдзел у велікапостных рэкалекцыях і ўзначаліць набажэнствы Вялікага тыдня. Пра гэта паведамілі 27 лютага 2014 г. у Ватыкане. План мерапрыемстваў з удзелам Святога Айца на бліжэйшыя тыдні з’яўляецца дастаткова традыцыйным: у Папяльцовую сераду ён накіруецца на Авенцінскі пагорак у Рыме, дзе ўзначаліць пакутную працэсію ад касцёла св. Анзэльма да базылікі св. Сабіны, а 9-14 сакавіка будзе ўдзельнічаць у велікапостных рэкалекцыях. На працягу Вялікага посту Пантыфік наведае дзве рымскіх парафіі. Першая з іх, парафія Найсвяцейшай Панны Марыі ў Малітве, знаходзіцца на ўсходняй ускраіне Вечнага горада – за межамі сталічнай кальцавой дарогі. Папа сустрэнецца з яе вернікамі 16 сакавіка. Другі душпастрыскі візіт Францішка адбудзецца 6 красавіка, але назва парафіі, якую ён наведае, не паведамляецца.

Галоўныя мерапрыемствы з удзелам Святога Айца адбудуцца на працягу Вялікага тыдня. У Ватыкане Францішак узначаліць св. Імшу Хрызма, набажэнствы Вялікага тыдня, літургію Пасхальнай вігіліі і ўдзеліць вернікам у Вялікодную нядзелю благаслаўленне “Urbi et Orbi”. У Вялікую Пятніцу Папа па-традыцыі прыме ўдзел у набажэснтве Крыжовага шляху ў Рымскім калізеі. Пакуль нічога не паведамляецца пра месца правядзення літургіі Вячэры Пана, якую у мінулым годзе, ён цэлебраваў у капліцы рымскай калоніі для непаўнагадовых.

27 красавіка на плошчы св. Пятра Пантыфік узначаліць кананізацыю благаслаўлёных Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ.








All the contents on this site are copyrighted ©.