2014-02-27 10:49:49

Кардынал да першай гадавінай абрання Папы: ён адмовіўся ад маралізму ў Касцёле


RealAudioMP3 Папа Францішак адмовіўся ад пэўнага тыпу маралізму ў Касцёле, лічыць кардынал Оскара Марадзьяга, каардынатар Рады кардыналаў для дапамогі Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам. “Я сам спецыяліст па маральнай тэалогіі, але тое, што кажа Папа, у мяне выклікае станоўчыя пачуцці”, - прызнаўся арцыбіскуп гандураскага Тэгусігальпу ў інтэрв’ю нямецкаму каталіцкаму інфармацыйнаму агенцтву “KNA” перад першай гадавінай абрання Францішка. Маралізм, на думку іерарха, “часта становіцца не этычным адказам на заклік Евангелля, а хутчэй уціхамірвальнай кашуляй”. Мы сустракаем Бога не ў нейкай навучальнай установе, а ў “чалавечай асобе, якая звяртаецца да нас”, сказаў ён.

Ініцыяваная Папам рэформа Рымскай курыі нясе для яго рызыкі, лічыць кардынал Марадзьяга. Ёсць людзі ў Касцёле, якія выступаюць супраць перамен, заўважыў ён і дадаў, што такія заўсёды былі на працягу гісторыі. Іерарх параўнаў іх з біблійнымі кніжнікамі.

Стаўшы Папам, Хорхе Марыа Берголіа не змяніўся, заўважыў гандураскі іерарх. “Ён усё жыццё заставаўся сабой. Аднак, новая перспектыва дала яму новы запал. Як арцыбіскуп Буэнас-Айрэса ён думаў пра сыход на пенсію. Аднак, калі на канклаве “пачуў заклік, адказаў на яго з энтузіязмам”, - сказаў кардынал Марадзьяга. Ён адзначыў асабліва простую форму камунікацыі Францішка з народам. Тэалагічная мова Касцёла знаходзіцца часта “на ўзроўні, які праходзіць над галовамі людзей”. Пантыфік, аднак, мае “асаблівы дар, дзякуючы якому яго разумеюць людзі”.

Акрамя таго, Папа сваімі жэстамі піша сапраўдныя “энцыклікі”, сказаў кардынал Марадзьяга і прывёў прыклад візіту Святога Айца да бежанцаў на італьянскі востраў Лампедуза.







All the contents on this site are copyrighted ©.