2014-02-26 10:42:19

Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння адказаў на вострыя пытанні адносна сужэнства


RealAudioMP3 “Хрыстус устанавіў сужэнства як непарыўны сакрамэнт паміж двума людзьмі супрацьлеглага полу” і “Касцёл не хоча і не можа паменшыць значэння сужэнства і сям’і”, заявіў кардынал Герхард Людвіг Мюлер, прэфект Кангрэгацыі Веравучэння, адказваючы на пытанні журналістаў у кулуарах прэзентацыі сваёй кнігі “Бедны для бедных – місія Касцёла”, яна прайшла 25 лютага 2014 г. у Ватыкане. Сям’я, паводле яго слоў, “гэта арыгінальная ячэйка грамадства ў цэлым”, і сёння яна пакутуе ад розных “ідэалагічных” нападаў. Тут не гаворыцца пра асобныя выпадкі, удакладніў ён, але пра “сужэнства як інстытут”. “Мы не толькі хочам абараніць сужэнства і сям’ю, але і дапамагчы іх развіццю”, - заявіў іерарх. Адказваючы на пытанне аб магчымасці вяртання асоб, якія развяліся і жывуць у наступных саюзах, да сакрамэнтальнага жыцця пасля адпаведнага пакаяння, кардынал Мюлер пацвердзіў непарыўнасць сужэнства, пра што “дактрына Касцёла кажа вельмі ясна”. Тут размова не аб тым, каб быць фармалістамі, але аб абавязку “быць вернымі Божаму слову”. Езус Хрыстус “з’яўляецца пастырам і настаўнікам, Яго словы не змяняюцца”. Адсюль выснова: “Новыя шляхі – так, але не супраць волі Езуса”, тым больш, што “Божая ласка ніколі не супярэчыць закону”, падкрэсліў кардынал.

“Мы павінны дапамагчы людзям у цяжкіх сітуацыях”, але развод “не з’яўляецца спосабам для Касцёла”, таму што “сужэнства – гэта сакрамэнт, які ўсталёўвае непарыўную сувязь паміж двума асобамі”. Вучэнне Касцёла “не стаіць вышэй за слова Езуса Хрыста”, і гэта “вельмі ясна”, заявіў кардынал Мюлер.

Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння спаслаўся на разасланыя Святым Пасадам анкеты да Сіноду Біскупаў, якія паказалі розніцу паміж вучэннем Касцёла і жыццём католікаў. “Не можна памяншаць вучэння Касцёла толькі таму, што многія яго не ведаюць”, - сказаў іерарх і дадаў: “Было б парадаксальным, калі б Касцёл сказаў: паколькі не ўсе ведаюць праўду, праўда з’яўляецца не абавязковай”. Многія не ідуць на св. Імшу ў нядзелю, таму што не ведаюць яе вартасці. Але гэта не значыць, што мы павінны пачаць лічыць, што імша ад гэтага стала менш важнай. “Мы павінны развіваць душпастырскую апеку сужэнства, але не толькі ў кірунку разведзеных, уступіўшых у новыя саюзы”, - заявіў кардынал. На думку прэфекта, трэба сур’ёзна падумаць аб дзецях разведзеных асоб, якія больш не маюць аднаго з бацькоў і павінны жыць з іншымі асобамі.







All the contents on this site are copyrighted ©.