“100 пытанняў – 100 адказаў”. Што паглядзець беларускаму пілігрыму ў Рыме?
Зусім хутка Рым стане
месцам пілігрымавання шматлікіх вернікаў з Беларусі. Праз два месяцы, 27 красавіка
2014 г. тут адбудзецца кананізацыя благаслаўлёных Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ, і ўжо
зусім не за гарамі час летняга адпачынку, на працягу якога многія пажадаюць пазнаёміцца
са спадчынай Вечнага горада. Рым – гэта сапраўдны горад-музей і, здаецца, кожны камень
тут мае сваю цікавую гісторыю. Пра большасць турыстычных аб’ектаў можна знайсці інфармацыю
ў адмысловых даведніках, але ёсць сярод іх і тыя, пра якія часам не ведаюць і самыя
дасведчаныя гіды. Напрыклад, пра месцы Рыма, звязаныя з Беларуссю і беларусамі. У
сённяшняй праграме мы пагаворым пра некаторыя з іх, з надзеяй на тое, што іх наведванне
будзе цікавым для пілігрымаў і турыстаў з нашай краіны.
Канешне, у першую чаргу
Рым – гэта горад з вялікай хрысціянскай гісторыяй. Тут жылі і былі пахаваны шматлікія
Папы і святыя. Адзін з іх блізка звязаны з гісторыяй нашай краіны – св. Язафат Кунцэвіч,
архіепіскап Полацкі, які жыў ў XVII ст. і загінуў мучаніцкай смерцю ў Віцебску за
сваю дзейнасць на карысць адзінства Касцёла. Св. Язафат пахаваны ў ватыканскай базыліцы
св. Пятра, таму наведваючы гэту святыню варта не забыцца памаліцца каля яго рэліквій.
У 1963 г. яны былі перанесены ў алтар св. Васілія Вялікага. Каб да яго патрапіць,
трэба прайсці ўздоўж правай навы і спытаць дазволу ў супрацоўніка службы парадку.
Справа ў тым, што месца спачыну св. Язафата знаходзіцца ў частцы базылікі, прызначанай
для споведзі. Але дастаткова сказаць, што вы пілігрымы з Беларусі і хочаце памаліцца
каля рэліквій гэтага святога, каб вас прапусцілі.
Іншым цікавым рымскім аб’ектам
з’яўляецца базыліка Найсвяцейшага Імя Езуса (Іl Gesu), “паменшанай копіяй” якой часта
называюць касцёл Божага Цела ў Нясвіжы. “Іль-Джэзу” з’яўляецца сапраўдным “пантэонам”
Таварыства Езуса. Тут захоўваюцца рэліквіі многіх езуітаў, узнесеных да хвалы алтара.
Сярод іх, у капліцы Найсвяцейшай Тройцы, знаходзіцца рэліквія св. Андрэя Баболі, езуіта
і місіянера, які ў XVII cт. быў да смерці замучаны казакамі ў Янаве Палескім (сёння
п. Іванава ў Брэскай вобласці).
Але гэта яшчэ не ўсё. У правай наве касцёла,
перад уваходам у капліцу Найсвяцейшага Сэрца Езуса, увагу пілігрыма з Беларусі можа
прыцягнуць знаёмая выява: на мармуровай надмагільнай пліце, размешчанай на падлозе,
намаляваны тры паляўнічыя трубы – герб роду Радзівілаў. Каля гербу ёсць надпіс па
лацінску, у якім сказана, што тут пахаваны кардынал-прэзбітэр касцёла св. Сікста Юры
Радзівіл, біскуп Кракаўскі, князь Алыкскі і Нясвіжскі. Юры Радзівіл – гэта першы кардынал
у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага – нашай старадаўняй дзяржавы.
У Рыме
ёсць яшчэ адно месца, звязанае з гісторыяй роду Радзівілаў. На вуліцы Бонкампаньі
22 (Boncompagni, 22), недалёка ад плошчы Рэспублікі, ў цэнтры Вечнага горада, знаходзіцца
вялізарны чатырохпавярховы будынак жоўтага колеру, які ім прыналежаў. Радзівілы прадалі
яго ў 1930-я гг., а ў 1946 г. у тут размясціўся дзяржаўны ліцэй імя Аўгуста Рыгі.
Палац быў пабудаваны ў ХІХ ст. у стылі італьянскага неакласіцызму. Пра тое, што ён
калісьці належаў адной з самых багатых сем’яў Еўропы нічога не кажа, таму, каб знайсці
яго, неабходна запомніць адрас.
Уладальніцай палацу была Марыя Роза Радзівіл.
Яна паходзіла з роду Браніцкіх і была жонкай князя Юрыя Радзівіла. Яе дом быў месцам
творчых сустрэч. Яго наведвалі шматлікія святары, князі, паэты, мастакі і палітыкі.
Сярод гасцей князёўны была таксама італьянская каралева Алена Савойская, вядомая дабрачыннай
дзейнасцю, за якую з рук папы Пія ХІ атрымала “Залатую ружу” – галоўную каталіцкую
ўзгагароду для жанчын. У будынку на вуліцы Бонкампаньі яны разам з Марыяй Розай Радзівіл
неаднойчы пілі разам каву.
У Рыме можна прайсціся па вуліцы названай у гонар
аўтара “Дзядоў” і “Пана Тадэвуша” – паэта Адама Міцкевіча (не многія беларускія гарады
могуць гэтым пахваліцца!). Яна знаходзіцца паміж Народнай і Іспанскай плошчамі, у
гістарычным цэнтры Вечнага горада. Сам паэт быў у Рыме двойчы – у 1830 г. і 1848 г.
Нарэшце, яшчэ адным цікавым аб’ектам, звязаным з гісторыяй нашай краіны, з’яўляецца
Ватыканскае радыё – першая замежнай радыёстанцыя, якая пачала трансліраваць свае праграмы
па-беларуску і робіць гэта ўжо на працягу амаль 65 гадоў. З гісторыяй Ватыканскага
радыё звязаны імёны такіх славутых постацяў як кс. Пётр Татарыновіч і а. Леў Гарошка.
У архіве Беларускай рэдакцыі захаваліся іх запісы, кнігі, часопісы, выдадзеныя імі
малітоўнікі на беларускай мове.
З 1970 г. Ватыканскае радыё знаходзіцца ў Палацы
Піа, недалёка ад базылікі св. Пятра. Каб патрапіць сюды, трэба прайсці ўздоўж вуліцы
Канчыліацыёнэ (Conciliazione) у накірунку Замка Анёла і ў канцы яе звярнуць налева.
Супрацоўнікі з задавальненнем пазнаёмяць вас са сваёй працай, распавядуць гісторыю
радыё і правядуць экскурсію па будынку, у якім яно размяшчаецца. Канешне, неабходна
загадзя патэлефанаваць ці папярэдзіць аб сваім візіце праз электронную пошту, каб
у калектыва рэдакцыі была магчымасць спланаваць працоўны дзень і прысвяціць неабходную
колькасць часу на сустрэчу з землякамі.
Як бачна, Рым можа быць цікавым і
пазнавальным таксама для тых, хто захапляецца айчыннай гісторыяй. Недарэмна кажуць,
што тут адбываецца скрыжаванне ўсіх дарог у свеце.