2014-02-25 15:04:44

Новы ватыканскі прэфект пачне працу ўжо праз месяц


RealAudioMP3 Аўстралійскі кардынал Джордж Пэл ужо ў канцы сакавіка распачне працу ў якасці прэфекта новастворанага Сакратарыяту па эканамічных пытаннях. Пра гэта стала вядома 25 лютага 2014 г. Іерарх на працягу наступных чатырох тыдняў зоймецца падрыхтоўкай для перадачы спраў, звязаных з пасадай арцыбіскупа Сіднэя. Кардынал Пэл 24 лютага 2014 г. быў прызначаны Папам кіраўніком новай ватыканскай фінансавай структуры, якая зоймецца планаваннем бюджэту і падрыхтоўкай балансу Святога Пасаду і Ватыкана, а таксама эканамічным кантролем. Новы Сакратарыят будзе атрымліваць дырэктывы ад яшчэ аднаго новага органу – Рады па эканамічных пытаннях. Сакратарыят нясе адказнасць за маніторынг інвестыцыйнай і персанальнай палітыкі. Ён падпарадкоўваецца непасрэдна Папу. Яго прэфект павінен “супрацоўнічаць” з Дзяржсакратарыятам, як цэнтральным органам кіравання Паўсюдным Касцёлам.

Паўстанне новых фінансавых структур з’яўляецца адной з першых буйных ініцыятыў у рамках рэформы Рымскай курыі. У мінулыя дні ў Ватыкане адбыліся пасяджэнні некалькіх кантрольных і рэвізійных камісій, якія ўнеслі свае прапановы па спрашчэнні і стандартызацыі працоўных працэсаў і абавязкаў на ўзроўні Святога Пасаду.

Новыя структуры замяняюць сабой Раду кардыналаў па арганізацыйных і эканамічных пытаннях Апостальскай Сталіцы і Дзяржавы Ватыкан, да якой, трэба заўважыць, належаў і кардынал Пэл. Змены не паўплываюць на Адміністрацыю маёмасці Апостальскай Сталіцы, якая застанецца граць ролю Цэнтральнага банка Ватыкану. Бяззменнай застанецца і фунцыя Бюро фінансавай інфармацыі.

У motu proprio пад назвай “Fidelis et Dispensator Prudens”, якім Пантыфік абвясціў аб заснаванні новых структур, нічога не гаворыцца аб Інстытуце рэлігійных спраў – Ватыканскім банку. Гэта значыць, што ён працягне аказваць фінансавыя паслугі ў папярэднім фармаце.

Новыя структуры закліканы спрасціць і уніфікаваць ватыканскія фінансы, у тым ліку асобныя бюджэты Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан.







All the contents on this site are copyrighted ©.