2014-02-24 10:25:33

Генсек Сіноду Біскупаў пра адказы на ватыканскія анкеты


RealAudioMP3 У маі чакаецца выданне працоўнага дакументу (Instrumentum laboris) III Надзвычайнай сесіі Генеральнай асамблеі Сінода Біскупаў, тэмай якой з’яўляюцца “душпастырскія выклікі, звязаныя з сям’ёй у кантэксце евангелізацыі”. Пра гэта паведаміў “L’Osservatore Romano” генеральны сакратар Сіноду, кардынал Ларэнца Балдзісэры. Яго інтэрв’ю было апублікавана ў сувязі з пасяджэннем Рады Генеральнага сакратарыяту Сінода Біскупаў, якае пачалося 24 лютага 2014 г. у Ватыкане.

Як паведаміў кардынал, у Ватыкан з боку біскупскіх канферэнцый да 19 лютага надышло 80% матэрыялаў, якія змяшчаюць адказы на разасланыя папярэдне анкеты на тэму прыняцца касцёльнага навучання аб сям’і, цяжкасцяў у яго рэалізацыі і ўключэння яго ў душпастырскія праграмы. Таксама сакратарыят сабраў 60% адказаў з боку ўстаноў Рымскай курыі і 700 індывідуальных або групавых анкет. Па словах генеральнага сакратара, гэта дэманструе моцную зацікаўленасць анкетай і дэманструе, наколькі важна было скіраваць пытанні да такой шырокай аўдыторыі, каб актывізаваць усіх членаў Касцёла і “выйсці на перыферыі”.

Калі кардынала спыталі, што вынікае з адказаў на анкеты, ён адзначыў, што гэта ў першую чаргу тэрміновая неабходнасць разумення рэальнасці, у якой прабываюць людзі, аднаўленне душпастырскага дыялогу з асобамі, якія па розных прычынах адышлі ад Касцёла або знаходзяцца па-за яго межамі. У анкетах адчуваецца шмат цярпення, асабліва сярод тых, хто лічыць сябе адчужаным і выключаным з Касцёла, бо жыве ў сітуацыі, несумяшчальнай з вучэннем і дысцыплінай. Агляд носіць глабальны характар, але ёсць шмат аднолькавых высноў. З ініцыятывай Сінода для многіх адкрылася перспектыва даверу.

Цяперашняя сесія Рады Генеральнага сакратарыяту Сінода Біскупаў пачалася 24 лютага ад інфармавання членаў аб праведзенай падрыхтоўчай працы. На ёй будзе прадстаўлены першы праект рабочага дакументу, які з’яўляецца вынікам падрыхтоўчага дакументу, у тым ліку адказаў на ўзгаданыя анкеты, што надышлі ў Ватыкан. Чакаецца, што абмеркаванне гэтага дакументу дасць магчымасць стварыць другі праект, што будзе патрабаваць па меншай меры два месяцы працы. Кардынал Балдзісэры плануе, што ў маі пройдзе наступнае пасяджэнне Рады, на якім будзе распрацаваны канчатковы тэкст рабочага дакументу. Ён будзе затым адпраўлены старшыням біскупскіх канферэнцый, якія прымуць удзел 5-19 кастрычнік 2014 г. у Сінодзе, і ўсім упаўнаважаным асобам.







All the contents on this site are copyrighted ©.