2014-02-24 10:47:14

Будзе апублікаваны дакумент да Году кансэкраванага жыцця


RealAudioMP3 Святы Пасад апублікуе у наступную сераду першы дакумент на тэму маючага прайсці Году кансэкраванага жыцця. Ліст Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця будзе скіраваны да ўсіх законнікаў і законніц ва ўсіх манаскіх супольнасцях і атрымае назву “Радуйцеся”. Ён з’яўляецца першым з серыі пасланняў, якія будуць выдадзены Кангрэгацыяй з нагоды адмысловага Года, прысвечанага пытанням манаскага жыцця.

Аб правядзенні ў 2015-м Году кансэкраванага жыцця некалькі месяцаў таму абвясціў папа Францішак падчас сустрэчы ў Ватыкане з генеральнымі настаяцелямі мужчынскіх манаскіх супольнасцяў.

Кардынал Жуан Брас дэ Авіс ужо паведаміў аб мэтах гэтага адмысловага перыяду. Першай з іх іерарх назваў “удзячны успамін аб мінулым”, у першую чаргу аб укладзе ІІ Ватыканскага Сабора ў аднаўленне жыцця манаскіх супольнасцяў. Другая мэта тычыцца абнаўлення ўпэўненага позірку ў будучыню. Існуючы крызіс ў грамадстве і Касцёле, на думку кардынала, павінен стаць не “калідаром, які вядзе да смерці”, але нагодай для росту і надзеі, што кансэкраванае жыццё не знікне ў Касцёле, бо было пажадана самім Хрыстом. Трэцяя мэта Году кансэкраванага жыцця тычыцца закліку да перажывання сучаснасці ў духу гарачай любові, сапраўднага сяброўства і глыбокай еднасці.

Падчас Году кансэкраванага жыцця запланавана выданне некалькіх фундаментальных дакументаў і правядзенне канферэнцый на высокім узроўні.







All the contents on this site are copyrighted ©.