Новыя кардыналы, якім
Святы Айцец Францішак надаў гэту годнасць 22 лютага 2014 г., паходзяць з 15 краін.
Восем прадстаўляюць Еўропу, з якіх пяць паходзяць з Італіі, а іншыя – з Германіі,
Вялікабрытаніі, і Іспаніі; Сем – Паўночную і Паўднёвую Амерыкі – Канаду, Нікарагуа,
Гаіці, Антыльскія астравы, Чылі, Бразілію і Аргентыну; Два – Афрыку: Кот-д’Івуар і
Буркіна-Фасо, і два – Азію: Паўднёвую Карэю і Філіпіны.
Святы Айцец абвясціў
імёны новых кардыналаў 12 студзеня 2013 г. падчас сустрэчы з вернікамі на малітве
“Анёл Панскі”. Першым з дзевятнаццаці прагучала імя арцыбіскупа Пьетра Параліна, Дзяржсакратара
Яго Святасці Папы. Затым былі названы: арцыбіскуп Ларэнца Балдзісэры, генеральны сакратар
Сінода Біскупаў; арцыбіскуп Герхард Людвіг Мюлер, прэфект Кангрэгацыі Веравучэння;
арцыбіскуп Беньяміна Стэла, прэфект Кангрэгацыі па справах Духавенства; арцыбіскуп
Вэстмінстэра з Вялікабрытаніі Вінцэнт Нікалс; арцыбіскуп Манагуа з Нікарагуа Леапольда
Хасэ Саларсана; арцыбіскуп Квэбэка з Канады Жэраль Сіпрыян Лакруа; арцыбіскуп Абіджану
з Кот д’Івуару Жан-Пьер Кутва; арцыбіскуп Рыа-дэ-Жанейра з Бразіліі Арані Тэмпеста;
арцыбіскуп Перуджы з Італіі Гвальцьера Басэці; арцыбіскуп Буэнас-Айрэсу з Аргентыны
Марыа Аўрэліа Полі; арцыбіскуп Сеулу з Карэі Андру Ём Су Чжун; арцыбіскуп Санцьяга
з Чылі Рыкарда Эсаці Андрэла; арцыбіскуп Уагадугу з Буркіна-Фасо Філіпэ Накелентуба
Уэдраога; арцыбіскуп Катабата з Філіпін Арланда Уэвэда; біскуп Ле-Ке з Гаіці Шылбі
Ланглуа.
У кардынальскую калегію ўвайшлі таксама тры арцыбіскупы на пенсіі,
якія вызначыліся сваім служэннем Святому Пасаду і Касцёлу. Гэта: арцыбіскуп Лорыс
Франчэска Капавіла, арцыбіскуп Фернанда Себасцьян Агілар і арцыбіскуп Кельвін Эдвард
Фелікс.
Трэба адзначыць, што на сённяшнім звычайным публічным кансісторыі прысутнічалі
прадстаўнікі палітычных уладаў краін паходжання новых кардыналаў. Бразілію і Гаіці
прадстаўлялі прэзідэнты – Дзілма Русэф і Мішэль Мартэі.
Гэта быў першы для
папы Францішка кансісторый па ўзвядзенні новых кардыналаў. Яго папярэднік – Бэнэдыкт
XVI – склікаў іх пяць разоў, Ян Павел ІІ – дзевяць.