2014-02-22 10:55:49

Ватыканская фінансавая разведка пашырыла міжнароднае супрацоўніцтва


RealAudioMP3 Бюро фінансавай інфармацыі Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан 21 лютага 2014 г. падпісала мемарандум аб узаемаразуменні з Аўстралійскім справаздачна-аналітычным цэнтрам транзакцый (AUSTRAC). Таксама на пачатку гэтага тыдня, у кулуарах сустрэчы “Групы Эгмант” у Будапешце быў падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні з фінансавай разведкай Кіпра (MOKAS). Пагадненні былі падпісаны Рэнэ Брульхартам, дырэктарам Бюро фінансавай інфармацыі.

Мемарандум аб узаемаразуменні з’яўляецца стандартнай практыкай і фармалізуе супрацоўніцтва і абмен фінансавай інфармацыяй для барацьбы з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму паміж кампетэнтнымі органамі абедзвюх краін, гаворыцца ў спецыяльным паведамленні ватыканскага фінансавага ведамства. Два падпісаных дакументы заснаваны на мадэлі мемарандума аб узаемаразуменні, падрыхтаванага “Групай Эгмант”, арганізацыяй, у якую ўваходзяць падраздзяленні фінансавай разведкі шматлікіх краін.

Гэтыя мемарандумы ўмацуюць міжнародную складаючую ў барацьбе Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму, перакананы Рэнэ Брульхарт. Падпісанне дакументаў, на яго думку, падкрэслівае плённыя адносіны ватыканскай структуры з міжнароднымі партнёрамі і спрыяе далейшым сумесным намаганням.

Бюро фінансавай інфармацыі стала членам “Групы Эгмант” у ліпені 2013 г. Яно ўжо падпісала мемарандумы аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве з падраздзяленнямі фінансавай разведкі Злучаных Штатаў, Бельгіі, Італіі, Іспаніі, Славеніі, Нідэрландаў і Германіі. На працягу бліжэйшых тыдняў чакаецца падпісанне падобных пагадненняў з іншымі краінамі. Ватыканская структура была створана ў 2010 г. для супрацьдзеяння адмыванню грошай і фінансаванню тэрарызму.








All the contents on this site are copyrighted ©.