2014-02-21 13:39:32

Францішак: вера без учынкаў – гэта не вера


RealAudioMP3 Вера, якая не выражаецца ў справах – не з’яўляецца верай, перакананы папа Францішак. Падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 21 лютага 2014 г. Пантыфік адзначыў, што ў свеце існуе шмат хрысціян, якія часта паўтараюць словы “Сімвала веры”, але не рэалізуюць іх на практыцы; маюць тэалагічныя веды, якія, аднак, не адлюстроўваюцца ў іх жыцці. Асновай для гаміліі Святога Айца сталі словы святога апостала Якуба, якія гучалі падчас Літургіі слова: “вера мёртвая без учынкаў”. Паводле Францішка, можна ведаць усе запаведзі, прароцтвы, усе праўды веры, але, калі яны не спаўняюцца на прыктыцы – непатрэбныя, бо з’яўляюцца толькі тэорыяй. “Таксама і мы ў гэтым сэнсе часта памыляемся. Чуем, што нехта кажа: “У мяне такая вялікая вера, веру ва ўсё, цалкам...” А можа асоба, якая кажа гэтыя словы жыве летняй верай, дрэнна. Яе вера тэарэтычная, а не жывая ў яе жыцці”, - сказаў Пантыфік.

На думку Папы, таксама і дэманы знаёмыя са зместам “Сімвала веры” і ведаюць, Хто з’яўляецца Праўдай, але “верыць, не значыць ведаць”. Людзі, якія думалі пра веру, як пра сістэму ідэй, успрымалі яе як ідэалогію, былі таксама і ў часы Езуса, нагадаў Пантыфік. Іх адрозненне ад дэманаў, на думку Святога Айца, у тым, што апошнія баяцца Бога, а першыя – “жывуць спакойна”. Евангелле прапануе таксама іншыя прыклады асоб, якія не былі знаёмыя з навучаннем, але мелі вялікую веру: язычніца, якая прасіла аздараўлення для сваёй дачкі, самаранка, якая адкрыта сэрца, сустрэўшы “не абстрактную праўду”, а Езуса Хрыста, сляпы, які з пакорай укленчыў перад Панам.

Вера заўсёды вядзе да сведчання. Вера – гэта сустрэча з Езусам Хрыстом, з Богам, і з яе нараджаецца сведчанне. Менавіта аб гэтым, на думку Святога Айца, хацеў сказаць апостал Якуб: вера без учынкаў, вера, якая цябе не ахоплівае, якая не спрыяе твайму сведчанню – гэта не вера. Гэта толькі словы і нічога больш.








All the contents on this site are copyrighted ©.