2014-02-21 15:39:01

Папа прызначыў старшыняў будучага Сінода Біскупаў


RealAudioMP3 Папа Францішак абвясціў імёны старшыняў Сінода Біскупаў па праблемах сям’і, які пройдзе ў Ватыкане ў кастрычніку 2014 г. Імі будуць прадстаўнікі трох розных кантынентаў: арцыбіскуп Парыжа, кардынал Андрэ Вен-Труа; арцыбіскуп Манілы, кардынал Луіс Тагле і арцыбіскуп Апарэсіды, кардынал Раймунду Дамасэна Асіс. Аб рашэнні Святога Айца прызначыць старшынямі Сінода Біскупаў прадстаўнікоў трох розных кантынентаў – Еўропы, Азіі і Паўднёвай Амерыкі – паведаміў кс. Фэдэрыка Ламбардзі, кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы.

Апавядаючы пра падзеі другога дня надзвычайнага кансісторыя, святар адзначыў, што ўсе кардыналы адзінагалосна пагадзіліся з прапановай скіраваць спецыяльную тэлеграму ў сувязі з драматычнымі падзеямі ва Украіне, каб выказаць спачуванні і ўвагу удзельнікаў кансісторыя і Святога Айца да сітуацыі ў гэтай краіне.

За два дні працы асамблеі з прамовамі выступілі больш за 40 кардыналаў, паведаміў кіраўнік Залы Друку. Жадаючых узяць слова вельмі шмат, таму не ўсе удзельнікі кансісторыя паспеюць гэтага зрабіць. Яны змогуць перадаць свае заўвагі і прапановы ў пісьмовай форме. Гэтыя тэксты будуць карысныя для Святога Айца, а таксама пры падрыхтоўцы Сінода Біскупаў.

Падчас кансісторыя кардыналы размаўляюць пра праблемы сем’яў, звязаныя з секулярызаванай рэальнасцю, якая ідзе насуперак хрысціянскай антрапалогіі. Пурпураты абмяркоўвалі розныя аспекты душпастрыства сем’яў. Уздымалася тэма разведзеных, якія ўступілі ў новыя саюзы і праблема сцвярджэння несапраўднасці сужэнскіх саюзаў.

Кс. Ламбардзі падкрэсліў, што ніякіх рашэнняў удзельнікамі кансісторыя не прымалася. Праца асамблеі праходзіць у спакойнай атмасферы праніклівасці, мудрасці, супольнага пошуку лепшага шляху для Касцёла, каб спалучыць вернасць Божаму слову і міласэрнасць, увагу да кожнай канкрэтнай сітуацыі чалавека.

На думку кс. Ламбардзі, кансісторый стане натхненнем для будучага Сіноду Біскупаў, і калі яго праца будзе праходзіць у такім самым духу, Касцёл зможа адказаць на актуальныя выклікі, захоўваючы вернасць місіі Хрыста.

Кіраўнік Залы Друку таксама адзначыў, што для інфармавання аб працы кансісторыя акрэдытаваны прадстаўнікі 54 фотаагенцтваў, 74 друкаваных выданняў і 51 тэлеканалу.








All the contents on this site are copyrighted ©.