Францішак: трэба аднавіць сувязь паміж прыбыткам і салідарнасцю
“Хто з нас не адчувае
сябе няўтульна, сутыкаючыся са словам “беднасць”?”, - запытаўся папа Францішак на
самым пачатку сваёй прадмовы да новай кнігі арцыбіскупа Герхарда Людвіга Мюлера, прэфекта
Кангрэгацыі Веравучэння, пад назвай: “Бедная для бедных. Місія Касцёла”. Папа нагадаў,
што “ёсць шмат формаў беднасці: фізічная, эканамічная, духоўная, сацыяльная, маральная”.
Але заходні свет ідэнтыфікуе беднасць, галоўным чынам, з адсутнасцю эканамічнага патэнцыялу
і падкрэслівае адмоўнасць гэтага статусу. Гэты патэнцыял у асноўным грунтуецца на
вялікай уладзе, якую маюць сёння грошы, і якая сваёй магутнасцю пераўзыходзіць усё
іншае. Такім чынам, адсутнасць эканамічнай моцы азначае сёння непатрэбнасць на палітычным,
сацыяльным і нават чалавечым узроўні, заўважыў Папа і нагадаў, што грошы – гэта толькі
інструмент, што павялічвае магчымасці чалавечай свабоды, якая дазваляе яму функцыянаваць
у свеце, дзейнічаць, прыносіць свой плён. І гэты добры інструмент можа быць скіраваны
супраць чалавека. Грошы і эканамічная ўлада могуць быць сродкам, які адчужаць чалавека
ад чалавека, пашыраючы эгацэнтрызм і эгаізм.
Пантыфік нагадаў пра неабходную
сувязь паміж прыбыткам і салідарнасцю, якую хрысціяне павінны нанова адкрыць для сябе
і абвяшчаць свету. Мы заўсёды залежым ад каго-небудзь ці чаго-небудзь, звярнуў увагу
Францішак, і гэта можам ператварыць у слабасць ці наадварот, магчымасць прыняць свет,
дзе ніхто не можа абысціся без іншых, у якім мы ўсе карысныя і каштоўныя для ўсіх,
кожны па-свойму.
У сваёй кнізе арцыбіскуп Мюлер звяртаецца да тэмы так званай
“тэалогіі вызвалення”, распаўсюджанай у Лацінскай Амерыцы, і прасочвае яе небяспечную
сувязь з марксізмам. Прэзентацыя тому, які выйшаў у Ватыканскім выдавецтве, адбудзецца
ў Рыме на наступным тыдні.