2014-02-19 12:05:39

Папа падчас агульнай аўдыенцыі: не бойцеся споведзі!


RealAudioMP3 Прыступаць да сакрамэнту споведзі, які дае навяртанне і прымірэнне з Богам, самім сабой і братамі, заклікаў папа Францішак 19 лютага 2014 г. падчас традыцыйнай агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра. У сваёй катэхезе Святы Айцец засяродзіўся на розных аспектах сакрамэнту пакаяння. Паводле яго, праз сакрамэнты прымірэння і намашчэння хворых праяўляецца жаданне Езуса, каб Касцёл праз вернікаў працягваў Яго справу збаўлення. Гэтыя сакрамэнты, на думку Пантыфіка, могуць быць аб’яднаны адным імем – “сакрамэнты аздараўлення”. Калі члавек ідзе спавядацца, прыходзіць за аздараўленнем – душы і сэрца, падкрэсліў ён. На думку Папы, глыбокую сувязь гэтых сакрамэнтаў найлепш выражае біблійны эпізод аб прабачэнні і аздараўленіі паралізаванага, калі Езус прадстае перад намі як урач адначасова і душаў, і целаў.

Святы Айцец падкрэсліў, што карані сакрамэнту споведзі знаходзяцца непасрэдна ў пасхальнай таямніцы. Езус аб’явіўся вучням у вячэрніку, і пасля таго, як прывітаў іх словамі “Супакой вам!”, дыхнуў на іх і сказаў: “Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя”.

“Прабачэнне нашых грахоў, гэта не штосьці, што можам зрабіць мы самі. Я не магу сказаць: “Я прабачаю сабе грахі”. Аб прабачэнні трэба прасіць, прасіць у іншых, а ў споведзі мы просім прабачэння ў Езуса. Прабачэнне – гэта не плён нашых намаганняў, але дар Святога Духа, Які нас абмывае міласэрнасцю і ласкай, што няспынна выліваюцца з прабітага сэрца ўкрыжаванага і ўваскрослага Хрыста”, - сказаў Папа. Францішак адзначыў таксама, што толькі прымірыўшыся ў Езусе з Айцом і братамі можна па-сапраўднаму прабываць у спакоі.

Асаблівым чынам Пантыфік падкрэсліў, што менавіта хрысціянская супольнасць з’яўляецца месцам прысутнасці Святога Духа, Які перамяняе сэрцы Божай любоўю і робіць усіх братоў адзінымі ў Езусе Хрысце. “Вось чаму не дастаткова прасіць прабачэння ў Пана ва ўласных думках і сэрцы, але неабходна пакорна і з даверам спавядацца з грахоў слузе Касцёла. У цэлебрацыі гэтага сакрамэнту святар прадстаўляе не толькі Бога, але і ўсю супольнасць, якая ўсведамляе слабасць кожнага свайго члена, якая сардэчна слухае яго споведзь, прыміраецца з ім, якая яго натхняе і суправаджае на шляху навяртання і чалавечага і хрысціянскага сталення”, - сказаў Папа.

На думку Святога Айца, сорам, якім часта суправаджаецца споведзь, з’яўляецца “добрай” і “здаровай” з’явай. “Сорам прыносіць карысць, робіць нас больш пакорнымі”, - перакананы Папа. Ён параіў вернікам не баяцца сакрамэнту пакаяння, а калі з моманту апошняй споведзі прайшло шмат часу, “не губляць больш ні дня” і паспавядацца, каб патрапіць у “абдымкі бясконцай міласэрнасці Айца”. “Кожны раз, калі спавядаемся, Бог нас абдымае, робіць свята”, - сказаў Францішак.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Папа нагадаў моладзі пра важнасць ахвяравання сабой на шляху чалавечага і хрысціянскага сталення. Ён пажадаў, каб Маці Божая дапамагала хворым пераносіць хваробы са спакоем і сілай, а маладым сужонкам – будаваць свае сем’і на моцным фундаменце даверу Божай волі.








All the contents on this site are copyrighted ©.