2014-02-19 17:14:10

Папа атрымаў прапановы адносна рэарганізацыі эканамічнай дзейнасці Святога Пасаду


RealAudioMP3 Рада кардыналаў для дапамогі Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам і вывучэнні праекту рэформы Рымскай курыі перадала папе Францішку свае прапановы адносна арганізацыі і кіравання эканамічна-адміністрацыйнай дзейнасцю Апостальскай Сталіцы і Інстытутам рэлігійных спраў – Ватыканскім банкам, паведаміў 19 лютага 2014 г. кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Пурпураты таксама вызначыліся з датамі наступных сустрэч Рады: яны пройдуць 28-30 красавіка, адразу пасля кананізацыі бл. Яна XIII і бл. Яна Паўла ІІ, і 1-4 ліпеня 2014 г. Акрамя таго, на вечар 19 лютага 2014 г. імі запланавана сустрэча з членамі кардынальскай рады па вывучэнні арганізацыйных і эканамічных пытанняў Апостальскай Сталіцы, кіраўнікамі фінансавых дыкастэрый Святога Пасаду, якія будуць паінфармаваны аб змесце прадстаўленых Святому Айцу прапаноў.

Кс. Ламбардзі нагадаў, што 20 лютага ў Ватыкане пачнецца кансісторый, у якім прымуць удзел каля 185 кардыналаў з усяго свету. Яго адкрые дэкан Калегіі кардыналаў Анджэла Садана, пасля чаго з дакладам, прысвечаным праблемам сям’і, да сабраных звернецца кардынал Вальтэр Каспер, былы старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.












All the contents on this site are copyrighted ©.