2014-02-18 13:34:54

Святы Айцец: слуханне Божага слова дапамагае супрацьстаяць спакусам


RealAudioMP3 Супрацьстаяць спакусам магчыма толькі слухаючы Божае слова, адзначыў папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 18 лютага 2014 г. Менавіта прыродзе спакусы і барацьбы з ёй была прысвечана гамілія Святога Айца. Ён падкрэсліў, што напачатку спакуса нам прадстаўляецца бескрыўднай і прывабнай, але з часам пераўтвараецца ў сапраўдную клетку, выбрацца з якой дапамагае ўважлівае слуханне Божага слова. Пантыфік адзначыў, што прычынай спакусаў ніколі не бывае Бог – яны з’яўляюцца плёнам чалавечых жарсцяў, унутраных слабасцяў, ранаў пакінутых у спадчыну першародным грахом. “Цікава, што спакуса мае тры характарыстыкі: узрастае, заражае і апраўдваецца. Узрастае ціха, спакойна... Сам Езус казаў пра гэта, калі апавядаў прыпавесць пра зерне і пустазелле (...) Спакуса ўзрастае: расце, расце ... і калі яе не спыніць, яна ахопіць ўсё”, - сказаў Пантыфік.

Паводле Святога Айца, узрастаючы спакуса пачынае “заражаць” іншых і закрывае ў стане з якога цяжка выйсці. Ён прывёў у прыклад евангельскае апавяданне, якое гучала падчас літургіі – вучні селі ў човен, але забыўшыся ўзяць з сабой хлеба, на вачах Настаўніка пачалі наракаць адзін на аднаго. Яны былі цалкам заняты пошукам вінаватага і таму не чулі, што ім казаў Хрыстус: “не мелі часу, не мелі святла для Божага слова”.

“Калі адчуваем спакусу, толькі Божае слова, слова Езуса нас збаўляе. Слуханне гэтага слова адкрывае нам гарызонт. Ён заўсёды гатовы навучыць нас выходзіць са спакусаў”, - сказаў Папа.

Давер да Езуса, які заўсёды чакае, на думку Францішка, з’яўляецца вялікай сілай, што дапамагае супрацьстаяць спакусам. Езус выводзіць з іх, а сатана наадварот імкнецца закрыць, адзначыў Папа. Ён дадаў, што менавіта слуханне Божага слова дапамагае не трапіць у грэх у момант спакушэння.








All the contents on this site are copyrighted ©.