2014-02-17 11:54:52

Францішак пра каштоўнасць цярплівасці ў выпрабаваннях


RealAudioMP3 Цярплівасць Божага Народа, які з верай пераносіць штодзённыя выпрабаванні – гэта тое, што дазваляе Касцёлу ісці наперад, сказаў папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 17 лютага 2014 г. Каментуючы заклік святога апостала Якуба – “з вялікай радасцю ўспрымайце тое, калі трапляеце ў разнастайныя выпрабаванні”, Пантыфік адзначыў, што цярплівасць дапамагае сталець у жыцці. Тыя, хто не маюць “мудрасці цярплівасці” не растуць – яны спяшаюцца, з’яўляюцца капрызнымі і лічаць сябе ўсемагутнымі – хочуць усяго і адразу, як фарысеі, якія прасілі цудаў у Езуса, сказаў Папа. Пантыфік нагадаў, што Бог дзейнічае іншым чынам – Ён перш за ўсё цярплівы. Францішак заклікаў жыць “пад музыку цярплівасці” – “музыку нашых айцоў, Божага народа, тых, якія верылі ў Слова Божае, выконвалі запаведзь, якую Пан даў нашаму айцу Абрагаму: “хадзі перад абліччам Маім і будзь беззаганы”.

Францішак падкрэсліў, што Божы народ шмат пакутаваў, цярпеў пераследы, але меў радасць, якая абапіралася на давер да абяцанняў Пана. “Гэта цярплівасць”, якую “мы павінны мець у выпрабаваннях: цярплівасць сталых людзей, цярплівасць Бога”, які нясе нас на сваіх плячах, сказаў Святы Айцец.

Паводле Папы, гэта ёсць таксама і сёння сярод Божага народу: дастаткова ўбачыць з якой цярплівасцю многія вернікі пераносяць праблемы, хваробы свае і сваіх дзяцей. Такія людзі не просяць у Бога асаблівых знакаў, але “здольныя чытаць знакі часу”, не губляюць “радасці веры”, сваёй цярплівасцю і святасцю вядуць Касцёл наперад, падкрэсліў Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.