2014-02-16 13:29:39

Папа перад “Анёл Панскі”: Езус нам нагадвае, што таксама і словы могуць забіваць (поўны тэкст)


RealAudioMP3 “Езус нам нагадвае, што таксама словы могуць забіваць! Такім чынам, не толькі нельга рабіць замах на жыццё бліжняга, але нават выліваць на яго атруту свайго гневу і дабіваць яго паклёпамі”, - сказаў папа Францішак падчас малітвы “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра 16 лютага 2014 г. У сваёй прамове ён паясніў, што значыць выконваць закон і падкрэсліў, што яго асновай з’яўляецца запаведзь любові Бога і бліжняга. “Евангелле гэтай нядзелі з’яўляецца далейшай часткай “Нагорнага казання”, першага вялікага прапаведавання Езуса. Сённяшняй тэмай з’яўляецца стаўленне Езуса да габрэйскага закона. Хрыстус сказаў: “Не думайце, што Я прыйшоў адмяніць Закон ці Прарокаў. Не адмяніць прыйшоў Я, а выканаць” (Мц 5,17). Езус, такім чынам, не хоча адмяніць запаведзі, якія Пан даў праз Майсея, але хоча давесці да паўнаты. І Ён неадкладна дадае, што гэтае “выкананне” закона патрабуе вышэйшай справядлівасці, больш сапраўднага захавання. Таму Езус кажа сваім вучням: “калі справядлівасць ваша не пераўзыдзе справядлівасці кніжнікаў і фарысеяў, то вы не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае” (Мц 5,20).

Але што гэта значыць гэтае “поўнае выкананне” Закона? І ў чым сутнасць гэтай вышэйшай справядлівасці? Сам Езус адказвае нам некаторымі прыкладамі, параўноўваючы старазапаветны закон з тым, аб якім Ён нам кажа. Пачынае з пятай запаведзі Дэкалога: “Вы чулі, што было сказана продкам: “Не забівай”... А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго, падлягае суду” (Мц 5,21-22). Гэтым Езус нам нагадвае, што таксама словы могуць забіваць! Калі мы кажам, што чалавек мае мову змея, што гэта значыць? Значыць, што яго словы забіваюць .Такім чынам, не толькі нельга рабіць замах на жыццё бліжняга, але нават выліваць на яго атруту свайго гневу і дабіваць яго паклёпамі. Нават гаварыць пра яго за спіной, бо тады мы пачынаем пляткаваць: таксама і пляткарства можа забіваць, бо можа забіць добрую рэпутацыю чалавека. Езус прапануе тым, хто крочыць за Ім, дасканалую любоў: любоў, адзінай мерай якой ёсць не валоданне ніякай меркай і пераўзыходжанне ўсялякіх разлікаў. Любоў бліжняга – гэта такое фундаментальнае стаўленне, што Езус проста кажа, што нашы адносіны з Богам не могуць быць шчырымі, калі мы не хочам прымірыцца са сваім бліжнім: “Таму, калі ты прынясеш дар свой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мае нешта супраць цябе, пакінь дар свой перад ахвярнікам і ідзі спачатку памірыся з братам сваім” (Мц 5,23-24). Такім чынам, мы пакліканы прымірыцца з нашымі братамі, перш чым мы хочым паказаць нашу адданасць Пану ў малітве.

З усяго гэтага зразумела, што Езус не надае важнасці толькі дысцыплінарнаму выкананню і знешнім паводзінам. Ён ідзе да каранёў закона, звяртаючы ўвагу перад усім на інтэнцыі, значыць на сэрца чалавека, адкуль бяруць пачатак нашы добрыя і злыя дзеянні. Каб атрымаць добрыя і сумленныя паводзіны недастаткова толькі прававых нормаў, але патрэбныя глыбокія матывацыі, якія з’яўляюцца выяўленнем скрытай мудрасці, Мудрасці Бога, якая можа быць прынятай дзякуючы Святому Духу. І мы, праз веру ў Хрыста, можам адкрыцца на дзеянне Духа, які робіць нас здольнымі жыць Божай любоўю.

У святле гэтай навукі Хрыста кожная запаведзь паказвае сваё поўнае значэнне, як патрабаванне любові, ўсё аб’ядноўваецца ў найбольшай запаведзі: любі Бога ўсім сваім сэрцам, і бліжняга твайго як самога сябе”, - сказаў Святы Айцец.

На заканчэнне сваёй сустрэчы з вернікамі Пантыфік прывітаў усіх пілігрымаў, сабраных на плошчы св. Пятра – сем’і, парафіяльныя групы і моладзь, якая прыбыла з многіх краін свету. Асабліва цёпла Папа прывітаў шматлікіх вернікаў з Чэшскай Рэспублікі і Іспаніі.

Я.Мойсік







All the contents on this site are copyrighted ©.