2014-02-15 10:55:54

Парафія на перыферыі Рыма чакае візіту Папы


RealAudioMP3 16 лютага 2014 г. папа Францішак здзейніць візіт на перыферыю Рыма – у парафію св. Тамаша Аквінскага, у раёне Інфернэта італьянскай сталіцы. Візіт прымеркаваны да 50-годдзя заснавання гэтай парафіяльнай супольнасці. У яго рамках Святы Айцец сустрэнецца з дзецьмі, інвалідамі, хворымі, паспавядае пяць вернікаў і ўзначаліць Эўхарыстыю ў новым касцёле, пабудаваным нядаўна ў сувязі з павелічэннем колькасці парафіянаў. Мясцовы пробашч, кс. Антоніа Д’Эрыка расказаў, што падрыхтоўка да візіту высокага госця падыходзіць да заканчэння, а самая вялікая ўвага пры ёй надавалася духоўнаму аспекту. Святар назваў візіт Пантыфіка вялікім дарам Божым і менавіта так заклікаў парафіян глядзець на яго – не як на медыйную падзею. “Такім чынам малітва знаходзіцца ў цэнтры нашай сустрэчы з Папам. А кульмінацыяй усяго візіту, будзе менавіта эўхарыстычная цэлебрацыя”, - падзяліўся ён.

Кс. Д’Эрыка падкрэсліў: нягледзячы на тое, што парафія св. Тамаша з Аквіну знаходзіцца на геаграфічнай перыферыі Рыма яе нельга назваць “перыферыяй” у пераносным значэнні гэтага слова. Узровень жыцця большасці мясцовых жыхароў сярэдні і высокі. Але гэта таксама стварае пэўнага кшталту праблемы. Першай сярод іх святар вылучыў спакусу самаізаляцыі для многіх сем’яў – жаданне закрыцца ва ўласных дамах і нават не цікавіцца сваімі бліжнімі.

Тым не менш з боку парафіян існуе вялікая ўвага да праблем бедных. Каля 50-60 чалавек у тыдзень атрымліваюць дапамогу ў мясцовым “Caritas”, адна з парафіянак знаходзіцца на місіі ў Конга – яна заснавала там школу для медсёстраў, а парафіяльная супольнасць падтрымлівае яе дзейнасць матэрыяльна. Дзякуючы мясцовым вернікам быў адкрыты таксама дзіцячы садок у Албаніі, пабудаваны касцёл у Кот-Д’Івуары і кожны год збіраюцца ахвяры на патрэбы дзяцей у Бэтлееме. Парафіяльная супольнасць, якую наведае Папа, працягвае дынамічна развівацца – кожны год тут атрымліваюць хрост каля 130 чалавек, падзяліўся яе пробашч.








All the contents on this site are copyrighted ©.