2014-02-15 14:44:25

Пантыфік праз “Твітэр”: маліцца за мір у Афрыцы


RealAudioMP3 “Памолімся за мір у Афрыцы, асабліва ў Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы і Паўднёвым Судане”, заклікаў Святы Айцец 15 лютага 2014 г. праз свой акаунт у “Твітэры”. Гаворка ідзе пра 266-е паведамленне Францішка з пачатку яго служэння на пасадзе Біскупа Рыма. Пантыфік звярнуўся да вернікаў з просьбай зрабіць свой духоўны ўнёсак для міру ў афрыканскіх краінах, на фоне маючага адбыцца абмеркавання канфлікту ў Савеце Бяспекі ААН, запланаванага на 19 лютага 2014 г. і павелічэння колькасці ахвяраў сярод мірнага насельніцтва, у прыватнасці сярод дзяцей.

Папа неаднойчы звяртаўся да міжнароднай супольнасці з заклікам дапамагчы афрыканскім народам знайсці шлях да прымірэння. У пасланні перад благаслаўленнем “Urbi et Orbi” 25 снежня 2013 г. ён маліўся да Нованароджанага Дзіцятка Езуса, каб “адарыў спакоем Цэнтральна-Афрыканскую Рэспубліку, часта забытую людзьмі”, каб прынёс спакой у гэтую краіну “прадзёртую спіраллю насілля і беднасці, дзе многія людзі не маюць дома, вады і ежы, не маюць неабходнага мінімума для жыцця”.

Святы Айцец маліўся таксама за мір у “маладой дзяржаве” Паўднёвым Судане, “дзе трываючая напружанасць ужо справакавала шматлікія ахвяры і пагражае мірнаму суіснаванню”.








All the contents on this site are copyrighted ©.