2014-02-14 13:27:26

Папа да нарачоных: толькі Хрыстус можа вылечыць страх перад “назаўсёды”


RealAudioMP3 Сёння важна пытаць пра магчымасць любіць адзін аднаго ў сужэнстве “назаўсёды”. Сучасная моладзь баіцца рабіць выбар на ўсё жыццё, гэта здаецца ім немагчымым. І гэта мысленне перашкаджае многім, хто рыхтуецца да сужэнства, лічыць Святы Айцец. 14 лютага 2014 г. папа Францішак сустрэўся на плошчы св. Пятра з тысячамі нарачоных і адказаў на тры пытанні маладых людзей. Яны датычылі страху перад саюзам назаўсёды, “стылю” сужэнскага жыцця і формы цэлебрацыі сужэнства. Пантыфік адзначыў, што каханне – гэта “не проста пачуццё, фізічны або псіхічны стан. Каханне – гэта адносіны, рэальнасць, якая развіваецца. Выключаць у сужэнстве гэта “назаўсёды” – значыць будаваць дом на пяску. Вылечыць страх перад “назаўсёды” можна толькі абапіраючыся на Хрыста, падкрэсліў Святы Айцец. Толькі Ён дапаможа перамагчы цяжкасці, якія напэўна будуць у сямейным жыцці. Толькі Ён здольны “кожны дзень абнаўляць і ўмацоўваць” каханне. Таму, тут грае ролю супольная малітва нарачоных і сужонкаў.

“Стыль” сужэнства, паводле Папы, грунтуецца на трох словах: “дазволь”, “дзякуй” і “прабач”. “Жыць разам – гэта мастацтва, церпялівы шлях, прыгожы і абаяльны”, - адзначыў ён. Трэба ўсведамляць, што з заключэннем сужэнства ён толькі пачынаецца. Гэта штодзённае падарожжа мае свае правілы, звярнуў увагу нарачоных Святы Айцец, таму гэтым тром словам варта вучыцца ўжо зараз.

Цэлебрацыя сужэнства павінна адлюстроўваць атмасферу сапраўднага хрысціянскага свята, а не свецкай імпрэзы, звярнуў увагу Францішак. Падчас яе павінна адчувацца “прысутнасць Пана, які адкрывае і дае сваю ласку”, раскрывае сакрэт поўнай радасці. Сама ўрачыстасць, паводле Папы, павінна быць стрыманай, бо некаторыя больш занепакоены яе знешнімі прыкметамі. Гэтыя рэчы важныя, але толькі тады, калі яны разглядаюцца ў кантэксце сапраўднай прычыны радасці – Божага благаслаўлення любові.

Некалькі дзесяткаў тысяч нарачоных з каля 30 краін свету сабраліся 14 лютага 2014 г. на плошчы св. Пятра. Спатканне пачалося праграмай, якая ўключыла ў сябе сведчанні, спевы і вершы пра каханне. На заканчэнне прагучала малітва, складзеная спецыяльна да гэтай падзеі самімі нарачонымі.







All the contents on this site are copyrighted ©.