2014-02-13 11:48:39

Францішак заклікаў балгарскіх біскупаў будаваць Касцёл місіянераў


RealAudioMP3 13 лютага 2014 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі групу біскупаў з Балгарыі, якія знаходзяцца ў Рыме з візітам “ad limina Apostolorum”. Францішак выказаў падзяку за актыўную пазіцыю Касцёла ў гэтай краіне, якім на працягу апошніх гадоў быў праведзены шэраг буйных мерапрыемстваў навуковага і душпастырскага характару. Гэтыя ініцыятывы, на думку Святога Айца, пацвярджаюць, што каталіцкая супольнасць, хоць і з’яўляецца меншасцю ў Балгарыі, сведчыць аб “натуральных маральных каштоўнасцях і Евангеллі Хрыста”, у грамадстве, пазначаным шырокай духоўнай пусткай, пакінутай у спадчыну атэістычным рэжымам, і “бескрытычным прыняццем культурных мадэляў, у якіх дамінуюць прапановы практычнага матэрыялізму”. Папа заклікаў працягваіць “з адвагай ісці гэтым шляхам”, спрабуючы здзейніць у Балгарыі “місійную перамену, якую Касцёл пакліканы рэалізаваць ва ўсім свеце”. Гэта заданне, на яго думку, патрабуе духоўнага і душпастрырскага навяртання, якое пачынаецца з асэнсавання таго, што ўсе ахрышчаныя пакліканы быць місіянерамі. Місійнасць Касцёла, паводле Святога Айца, павінна мець таксама сацыяльнае вымярэнне – прадугледжаваць клопат пра бедных, супольнае дабро і грамадскі мір. Францішак адзначыў важнасць прызнання з боку дзяржавы ўкладу балгарскіх католікаў у супольнае дабро і развіццё краіны.

Пантыфік заклікаў біскупаў працягваць выхаванне вернікаў праз катэхізацыю, душпастрыства моладзі, спрыянне пакліканням і “святарскаму братэрству”. Ён адзначыў таксама важнасць дыялога з Балгарскай Праваслаўнай Царквой.

Між іншым, Папа нагадаў, што 27 красавіка 2014 г. адбудзецца кананізацыя бл. Яна Паўла ІІ і бл. Яна ХХІІІ. Апошні, да абрання на Пасад св. Пятра, быў Апостальскім дэлегатам у Балгарыі і, на думку Святога Айца, вельмі любіў народ гэтай краіны, які ў “метамарфозах гісторыі захаваў жывым полымя веры ў Хрыста”.








All the contents on this site are copyrighted ©.