2014-02-13 12:08:01

Пантыфік да яўрэйскага камітэту: разам служыць бедным і пакутуючым


RealAudioMP3 За выдатны ўклад у дыялог і братэрства паміж яўрэямі і католікамі Святы Айцец падзякаваў “Амерыканскаму яўрэйскаму камітэту”. 13 лютага 2014 г. яго члены прысутнічалі на аўдыенцыі ў Ватыкане. Папа нагадаў, што ў наступным годзе будзе адзначацца 50-я гадавіна Дэкларацыі II Ватыканскага Сабору “Nostra Aetate”. Гэты дакумент стаў пунктам адліку для сучасных адносін католікаў з яўрэямі і адлюстраваннем духоўнай спадчыны, якая іх аб’ядноўвае і з’яўляецца асновай дыялогу. Святы Айцец падкрэсліў, што тут гаворка ідзе пра “тэалагічны фундамент”, а не проста выраз імкнення да ўзаемнай павагі і пашаны.

На думку Пантыфіка, побач з дыялогам, важна таксама знайсці спосабы супрацоўніцтва паміж хрысціянамі і яўрэямі ў пабудове “больш справядлівага і братняга свету”. У сувязі з гэтым, Папа заклікаў прадстаўнікоў яўрэйскай супольнасці прыкласці агульныя намаганні, “каб служыць бедным, маргіналізаваным і пакутуючым”. Ён назваў гэта “святой волей Бога і Яго справядлівасцю”, а таксама “сапраўдным рэлігійным абавязкам”.

Каб прадпрынятыя намаганні не сталі бясплённымі, Святы Айцец прапанаваў паклапаціцца аб перадачы новым пакаленням спадчыны ўзаемнага пазнання , павагі і сяброўства. Ён перакананы, што вывучэнне адносін з юдаізмам у духоўных семінарыях і цэнтрах адукацыі для свецкіх католікаў можа прынесці значную карысць узаемнаму дыялогу, як і імкненне да разумення хрысціянства з боку яўрэйскай супольнасці і маладых рабінаў.

Папа Францішак нагадаў, што праз некалькі месяцаў накіруецца з пілігрымкай у Іерусалім, і папрасіў сабраных “суправаджаць” яго сваімі малітвамі.







All the contents on this site are copyrighted ©.