2014-02-13 10:41:41

Арцыбіскуп Паралін: канкардат з Італіяй – рэха ІІ Ватыканскага Сабору


RealAudioMP3 Ватыканская дэлегацыя на чале з Дзяржсакратаром Яго Святасці Папы арцыбіскупам Пьетра Паралінам прыняла ўдзел у канферэнцыі, прысвечанай 30-годдзю абнаўлення канкардата паміж Апостальскай Сталіцай і Італіяй. Форум праходзіў 12 лютага 2014 г. у Сенаце Італьянскай Рэспублікі, дзе кіраўнік ватыканскай дыпламатыі выступіў з прамовай. Ён адзначыў, што тэкст пагаднення з’яўляецца пэўным “рэхам” ІІ Ватыканскага Сабору. У першую чаргу, відавочнай з’яўляецца сувязь некаторых яго пунктаў з саборнай Канстытуцыяй аб Касцёле ў сучасным свеце “Gaudium et spes” (Радасць і надзея), у якой сцвярджаецца, што “палітычная супольнасць і Касцёл у сваіх сферах незалежныя і аўтаномныя”; “яны, хоць і з розных матываў, служаць асабістаму і грамадскаму пакліканню адных і тых жа людзей”; і “будуць тым больш эфектыўна выконваць гэтае слуэнне дзеля дабра ўсіх, чым лепш будуць развіваць здаровае супрацоўніцтва, улічваючы таксама абставіны месца і часу”.

Арцыбіскуп Паралін адзначыў, што неабходнасць супрацоўніцтва паміж Касцёлам і дзяржавай, якая падкрэсліваецца з канкардаце, з’яўляецца адлюстраваннем Сабору, які прадставіў Касцёл не ў якасці іерархіі ці інстытута, але Божага народа, які пілігрымуе ў гісторыі – народа пакліканага натхняць грамадства на дабро і справядлівасць, народа пакліканага выконваць “функцыю душы ў целе”.

Іерарх падкрэсліў гістарычнае значэнне абноўленага пагаднення з Італіяй. Гэтым дакументам, на яго думку, “канчаткова перагортвалася старонка канкардатаў мінулага”, якія Касцёл заключаў з таталітарнымі або аўтарытарнымі дзяржавамі галоўным чынам з мэтай абароны рэлігійнай свабоды. Новае пагадненне прадугледжвала сяброўства, адкрытасць, лаяльнасць і двухбаковае супрацоўніцтва на карысць чалавека і дабра краіны. На думку арцыбіскупа Параліна, адным з галоўных аспектаў гэтага супрацоўніцтва з’яўляецца перадача Касцёлам і іншымі рэлігійнымі супольнасцямі базавых каштоўнасцяў, у якіх грамадства мае патрэбу.








All the contents on this site are copyrighted ©.