2014-02-11 11:52:15

Ватыканскі кардынал: крэда Бэнэдыкта XVI – дастаткова толькі Бога


RealAudioMP3 Адмаўленне Бэнэдыкта XVI ад пасады Біскупа Рыма да гэтага часу засталося для многіх людзей незразумелым або зразумелым часткова, у першую чаргу тых, хто глядзіць на гэту падзею выключна праз прызму разлікаў і палітыкі, лічыць кардынал Антоніа Канісарэс, прэфект Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў. Для самаго іерарха, гэты жэст з’яўляецца “лепшай энцыклікай, лепшай кнігай і лепшай прамовай” Пантыфіка, таму што гэтым ён указаў на самае важнае і фундаментальнае для людзей – Бога. 11 лютага 2014 г., у гадавіну адмаўлення Бэнэдыкта XVI ад служэння св. Пятра, на старонках “L’Osservatore Romano” пурпурат выказаў меркаванне, што “у гэтым жэсце адбылася кульмінацыя і абагульненне ўсяго пантыфікату, а таксама прасочваецца траектрорыя і логіка яго жыцця”.

Бэнэдыкт XVI нёс Бога, давяраў Яму і даверыў Яму нас, адзначыў ватыканскі пурпурат. Пацвярджэннем гэтага стала абранне яго наступніка – папы Францішка, які абуджае ў многіх нашых сучасніках вялікую надзею, веру і любоў. Менавіта гэтым тэмам Бэнэдыкт XVI і прысвяціў свае тры энцыклікі, да якіх можна дадаць чацвёртую, напісаную разам з Францішкам.

Кардынал Канісарэс адзначыў, што асабіста быў сведкам глыбокай адданасці і даверу Бэнэдыкта XVI да Бога. Атрымаўшы біскупскае прызначэнне, ён прыбыў у Рым, каб сустрэцца з тагачасным прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння, кардыналам Ёзэфам Ратцынгерам, які сказаў: “Святы Айцец прызначыў Вас біскупам Авілы, знакамітай сваімі замкамі, але важнай перш за ўсё дзякуючы св. Тэрэзе ад Езуса і св. Яну ад Крыжа. Вы ведаеце, на што яны нам указваюць: “Толькі Бог, толькі Бога дастаткова. Гэта цэнтральны аспект біскупскага служэння: Бог перш за ўсё, жыць і дзейнічаць у адзінстве з воляй Божай, быць сведкамі Бога, праслаўляць Бога, абвяшчаць Бога ў кожны момант, дапамагаць пазнаваць і любіць Бога, ставіць Бога на першым месцы”. Менавіта гэтаму вучыў і да сённяшняга дня працягвае вучыць Бэнэдыкт XVI, лічыць іспанскі кардынал.








All the contents on this site are copyrighted ©.