2014-02-11 11:35:06

Асабісты сакратар пра “мужны учынак” Бэнэдыкта XVI


RealAudioMP3 Каталіцкі Касцёл, па словах арцыбіскупа Георга Генсвайна, мае ўцяперашні час двух Папаў, “Папу на пенсіі – Бэнэдыкта, і кіруючага Папу – Францішка”. Абодва звяртаюцца да сябе праз “Ваша Святасць” або “Святы Ойча”, сказаў прэфект Папскага дому выданню “Münchner Merkur”. На 11 лютага 2014 г. прыпадае першая гадавіна адмаўлення Бэнэдыкта XVI ад пасады Біскупа Рыма. Камунікацыя паміж Пантыфікам на пенсіі і яго пераемнікам працякае “без складанасцяў”, па тэлефоне, пісьмова, праз асабістыя сустрэчы, запрашэнні на абед. Сам арцыбіскуп Генсвайн часта выконвае функцыю “злучальнага звяна”, бо нямецкі іерарх з’яўляецца таксама асабісытым сакратаром Папы на пенсіі.

Галоўная задача Бэнэдыкта XVI у цяперашні час, па словах арцыбіскупа, “Падтрымліваць і суправаджаць Касцёл і свайго пераемніка папу Францішка праз малітву”. Пантыфік на пенсіі адчувае сябе добра з улікам свайго ўзросту. “Бэнэдыкт XVI жыве ў міры з сабой і – дзякуй Богу – у добрым самапачуцці”, - сказаў асабісты сакратар. Для навуковай працы, аднак, у яго не дастаткова сіл, хоць ён прымае наведвальнікаў, чытае, займаецца карэспандэнцыяй і грае ў вячэрні час на фартэпіяна. 86-гадовы Бэнэдыкт XVI ніколі не пашкадаваў аб сваёй адстаўцы.

Іерарх лічыць, што “мужны учынак” Бэнэдыкта XVI 11 лютага год таму будзе мець тэалагічныя наступствы. “Несумненна, выйдуць на першы план адрозненні паміж пасадай і чалавекам, пасадай і тым, хто яе займае”, - сказаў арцыбіскуп Генсвайн.


У інтэрв’ю італьянскаму часопісу “Famiglia Cristiana” прэфект Папскага дому распавёў пра сваю першую рэакцыю на навіну аб адстаўцы Бэнэдыкта XVI. Першапачаткова, зусім “інстынктыўна”, ён сказаў: “Не, Святы Ойча, гэта не магчыма”. Тым не менш, ён адразу заўважыў, што гэтае пытанне ўжо вырашана і не абмяркоўваецца. “Для мяне гэта было як нож у сэрца”, - прызнаўся асабісты сакратар і дадаў, што гэту навіну Бэнэдыкт XVI паведаміў яму “шмат месяцаў” да яе афіцыйнага абвяшчэння 11 лютага 2013 г. Цяперашні Папа на пенсіі паведаміў яму гэта пад “папскай таямніцай” і сказаў яму, што не можа ні з кім гаварыць пра гэта, пакуль ён сам не паведаміць пра сваё рашэнне. “Я захоўваў таямніцу, нават калі гэта было ня проста”, - сказаў іерарх і дадаў, што з гэтага моманту, ён спрабаваў абараніць Папу ад знешняга ціску і палегчыць яго працу, каб ён мог засяродзіцца на настаўніцкай місіі.

Арцыбіскуп Генсвайн паведаміў, што Францішак яшчэ ўвечары пасля абрання папрасіў у яго нумар тэлефону Бэнэдыкта XVI. Ён быў прыемна здзіўлены, што новы Папа мае намер адразу пасля свайго абрання патэлефанаваць свайму папярэдніку.







All the contents on this site are copyrighted ©.