2014-02-10 12:16:30

Міжнароднаму руху “Сужэнскія сустрэчы” ў Беларусі – 10 гадоў


RealAudioMP3 Міжнародны рух “Сужэнскія сустрэчы” адзначыў 10-годдзе сваёй дзейнасці ў Беларусі. Урачыстую св. Імшу ў касцёле святых Сымона і Алены ў Мінску з нагоды юбілею ўзначаліў Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь, арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Удзел ва ўрачыстасці прынялі таксама каталіцкія святары з Беларусі і праваслаўныя – з Раcіі, удзельнікі сужэнцкага руху гэтых краін, а таксама прадстаўнікі Польшчы і Украіны. Прывітальнае слова кіраўнікам, заснавальнікам і ўдзельнікам “Сужэнскіх сустрэч” ад імя Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча зачытаў кс. прэлат Андрэй Стэцкевіч.

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці падчас гаміліі адзначыў: “Я прачытаў гісторыю вашага руху. Гэта багатая гісторыя з вельмі сучаснай методыкай працы. На маю думку, у цэнтры ўсяго стаіць Божая любоў, як пункт аднясенне для любой іншай любові. Бо бяз гэтай любові няма больш той мэты, да якой трэба ісці. Усё іншае губляе свой сэнс. Мы ня бачым Бога, а таму ягоную любоў можам дасведчыць толькі праз пасярэдніцтва іншага чалавека. Таму я дзякую вам за вашае падарожжа ў гэтым руху, якое з’яўляецца школай любові і ў якой вы стараецеся жыць штодня так, каб на завяршэне гэтай школы ў вашым дыпломе па магчымасці былі толькі добрыя адзнакі”.

Рух “Сужэнскія сустрэчы” быў запачаткаваны ў 1978 г. у Польшчы свецкімі вернікамі Ірэнай і Ежы Гжыбоўскімі. Ягонай мэтай былі і застаюцца духоўныя практыкаванні для сужэнцаў у справе пабудовы дыялогу дзеля ўмацаваньня сужэнскіх і сямейных сувязяў, супольным духоўным узрастаньні ў веры, любові да Бога і бліжняга. Гэта рух свецкіх людзей, якім апякуецца Каталіцкі Касцёл, кажуць Іван і Алена Лубінскія – кіраўнікі “Сужэнцкіх сустрэч” у Беларусі. “Гэта рух свецкіх людзей, які прызнаны Папам. Гэта вельмі важна, што ён знаходзіцца ў рамках Касцёла. Гэткім чынам мы можам ня толькі сем’і ратаваць, але таксама і да веры прыводзіць. Здаецца, людзям вельмі патрэбныя падобныя сустрэчы, бо яны маюць шмат праблемаў у сваіх сем’ях і не заўсёды знаходзяць выхад для іх вырашэння”, - адзначыў Іван Лубінскі. “Усё пачыналася з некалькіх пар у адной парафіі. Зараз можна сказаць, што гэта рух міждыяцэзіяльны. Толькі ў Мінску існуе некалькі такіх пляцовак. І параў прыходзіць усё больш і больш”, - дапоўніла яго Алена.

Рух “Сужэнскія сустрэчы” зараз дзейнічае ў шэрагу еўрапейскіх краін, у Беларусі – з 2004 году. Ягонымі ўдзельнікамі могуць стаць усе ахвотныя сужэнцы незалежна ад іх канфесійнай прыналежнасці і нават факту афіцыйнай рэгістрацыі шлюбу. Дзеля гэтага кожны месяц пары збіраюцца на адмысловыя заняткі, дзе праз чытанне Евангелля, дзяленне асабістым досведам, вучацца будаваць свой сужэнскі і сямейны дыялог. Сярод іншых – Надзея і Віталь, якія кажуць, што ўдзел у руху ўмацаваў ня толькі іх, але і многія іншы сем’і. “Больш шчасця стала ў сям’і: з’явілася больш сяброў такіх, якія могуць падтрымаць у патрэбную хвіліну”, - адзначыў Віталь. “Гэта асяроддзе, дзе не паляць, ня п’юць, дзе не брыдкасловяць, а любяць і паважаюць адзін другога. Дзве сямі’і ўсынавілі дзяцей, а колькі шматдзетных сем’яў з’явілася! Гэта ж цуд!”, - дадала Надзея.

Рух “Сужэнскія сустрэчы” у Беларусі праводзіць таксама праграму “Вечары для закаханых” і “Вечары для нарачоных”, якія падрыхтоўваюць маладыя пары да таямніцы сужэнства.

Каміла Фаўстовіч, Мінск







All the contents on this site are copyrighted ©.