2014-02-08 14:13:19

Папа: не трэба саромецца звяртацца да Маці Божай у любых патрэбах


RealAudioMP3 Святы Айцец сустрэўся 8 лютага 2014 г. з групай пілігрымаў са Шры-Ланкі, якія прыбылі ў Рым, каб аддаць даніну павагі Маці Божай з нагоды 75-годдзя прысвячэння ёй Касцёла ў гэтай азіяцкай краіне. Папа Францішак нагадаў, што ў 1940 г., у драматычных абставінах вайны, арцыбіскуп Каломба Жан-Мары Масон, даў абяцанне пабудаваць храм у гонар Маці Божай, калі востраў будзе захаваны ад замежнай акупацыі. Менавіта так гэта і адбылося, і пасля заканчэння вайны паўстаў санктуарый Маці Божай Апякункі Ланкі, які быў асвечаны сорак гадоў таму. Пантыфік нагадаў, што “Маці Божая заўсёды побач з намі, яна глядзіць на кожнага з нас з мацярынскай любоўю і суправаджае нас заўсёды на нашым шляху”. Ён заклікаў не саромецца і звяртацца да яе ў любых патрэбах, “асабліва, калі адчуваецца цяжар жыцця з усімі яго праблемамі”.

Святы Айцец заўважыў, што Шры-Ланку называюць жамчужынай Індыйскага акіяна, з-за яе прыроднай прыгажосці і формы, і нагадаў, што жамчужына утвараецца са слёз малюскаў. Ён з жалем адзначыў, што ў краіне ў апошнія гады “было праліта шмат слёз, у сувязі з унутраным канфліктам, які выклікаў столькі ахвяраў і прынёс такія вялікія страты”. Францішак заўважыў, што не проста загаіць раны і супрацоўнічаць з учарашнім супернікам для пабудовы заўтра. “Але гэта адзіны шлях, які дае надзею на будучыню, на развіццё і мір”, - сказаў Папа і паабяцаў маліцца ў гэтай інтэнцыі.







All the contents on this site are copyrighted ©.