2014-02-08 14:05:23

Былы Дзяржсакратар плануе напісаць мемуары і выдаць кнігу пра веру і спорт


RealAudioMP3 Кардынал Тарчызіо Бэртонэ, былы Дзяржсакратар Яго Святасці Папы, працягвае працу ў якасці члена шасці ватыканскіх дыкастэрый, сустракаецца з людзьмі, якія дзеляцца з ім праблемамі і задаюць пытанні, а таксама займаецца душпастырскай дзейнасцю, якая засталася прапісанай у яго “духоўнай ДНК”, як ён сам апавёў у інтэрв’ю італьянскаму тэлеканалу “Tgcom24”. Пурпурат назваў “дарам” і “прывелеем” сваю былую працу побач з двума апошнімі Пантыфікамі. Адначасова ён выказаў шкадаванне, што не змог спыніць бязлітасную крытыку, якая беспадстаўна абрынулася на Бэнэдыкта XVI і яго бліжэйшых супрацоўнікаў.

Кардынал Бэртонэ расказаў, што датэрміновае заканчэнне яго мандата ў якасці старшыні кардынальскай камісіі па пытаннях Інстытута рэлігійных спраў, вядомага як Ватыканскі банк, звязана з заканчэннем яго служэння на пасадзе Дзяржсакратара і зменай складу амаль ўсёй камісіі. Гэта рашэнне папы Францішка ён лічыць “натуральным, лагічнымі і разумным”. Іерарх адзначыў, што ў мінулым “былі пэўныя сумныя паводзіны”, якія кінулі цень на Ватыканскі банк, але на працягу апошніх гадоў адбываецца ачышчэнне, звязанае з прыняццем новых законаў супраць адмывання грошай і большага нагляду за кліенатамі структуры. Гэта, паводле кардынала Бэртонэ, дапаможа Інстытуту рэлігійных спраў прыносіць дабро ўсяму Паўсюднаму Касцёлу.

Пурпурат адзначыў, што Бэнэдыкт XVI і яго бліжэйшыя супрацоўнікі вельмі пакутавалі ў перыяд, калі стала вядома пра выкраданне прыватных дакументаў Папы і Святога Пасаду. “Перш за ўсё з-за адсутнасці любові да Касцёла, якая праявілася ў гэтых учынках і публікацыі дакументаў, якія павінны былі застацца канфідэнцыйнымі, каб дазволіць дыялог унутры Касцёла і выправіць пэўныя паводзіны”, - сказаў ён.

З іншага боку, кардынал Бэртонэ заўважыў, што гэта складаная сітуацыя паспрыяла больш гарачай малітве, блізкасці і салідарнасці з Папам і Святым Пасадам. У Ватыкан прыходзілі тысячы лістоў са словамі падтрымкі і салідарнасці, сказаў ён. Хоць, на думку пурпурата, яшчэ засталіся неапублікаванымі некаторыя з выкрадзеных дакументаў, ён выказаў спадзяванне, што ў гісторыі Касцёла старонка пад назвай “Vatileaks” закрыта.

Кардынал Бэртонэ прызнаўся, што час ад часу сустракаецца з Бэнэдыктам XVI і тэлефануе да яго. Апошні раз яны бачыліся 26 снежня 2013 г. Папа на пенсіі сам наведаў свайго былога бліжэйшага супрацоўніка. Ён быў “у цудоўнай форме, фізічнай і інтэлектуальнай”, падзяліўся іерарх.

Гаворачы пра свае бліжэйшыя планы, кардынал Бэртонэ расказаў, што рыхтуе да выдання кнігу, прысвечаную веры і спорту, бо з’яўляецца “гарачым футбольным заўзятарам”, а таксама хоча пачаць пісаць мемуары.








All the contents on this site are copyrighted ©.